ЗЬЯВІЎСЯ ПЕРШЫ НУМАР ШТОТЫДНЁВІКА “СВОБОДНЫЕ НОВОСТИ–ПЛЮС”, А “НАША СВАБОДА” СПЫНЯЕ ІСНАВАНЬНЕ

Ігар Карней, Менск

Тым часам рэдактар газэты “Наша свабода” Павал Жук абвесьціў, што вымушаны спыніць выпуск выданьня. Сума кампэнсацыі за маральны ўрон, прысуджаная газэце паводле пазову старшыні камітэту Дзяржкантролю Анатоля Тозіка, папросту спустошыць газэту.

Яшчэ напярэдадні судовых паседжаньняў, ініцыяваных спадаром Тозікам, праца рэдакцыі “Нашай свабоды” была фактычна спаралізаваная. Абсталяваньне рэдакцыі на запатрабаваньне суду было арыштавана, а разьліковы рахунак закрыты для фінансавых апэрацыяў. Таму ад сярэдзіны жніўня рэдактар і заснавальнік “Нашай свабоды” Павал Жук шукае варыянты аднаўленьня выданьня пад іншым назовам. Але цяперашні працэс супраць газэты ён расцэньвае як выразна палітычны:

(Жук: ) “Ясна, што палітычны. Тут задача адна — ня даць выпусьціць газэту. Менавіта інфармацыя — вось што іх кранае, вось чаго яны больш за ўсё баяцца. А тое, што выплочваць грошы Тозіку… Усе чыноўнікі будуць падаваць пазовы на газэты і такім чынам жыць прыпяваючы — калі выплочваць ім грошы. Нават калі б газэта выходзіла, мы б грошы яму не выплочвалі. Мяркую, што аналягічныя захады будуць і да іншых газэтаў. Па сутнасьці, судовы працэс, які быў над намі, інакш як сталінскай тройкаю назваць нельга. Пры кожным судзе ёсьць судзьдзі, якія па першым тэлефанаваньні робяць тое, што ім загадваюць. Па сутнасьці, гэта і ёсьць судовыя тройкі, які штампуюць рашэньні і чалавек або газэта асуджваюцца”.

Спадар Жук дадаў, што зараз разглядае запасныя варыянты выпуску газэты і спадзяецца, што да канца верасьня зьявіцца іншае выданьне.

А вось галоўны рэдактар штотыднёвіка “Свободные новости” Аляксандар Уліцёнак сёньня ўжо трымаў у руках газэту пад відазьмененай “шапкаю” — “Свободные новости–плюс”. Кажа, што прадбачачы розныя варыянты падзеяў, гэта выданьне было зарэгістравана ў міністэрстве інфармацыі год таму, калі адзін з заснавальнікаў Сяргей Атрошчанка распачаў першую спробу зачыніць “Свободные новости”. Але пакуль што калектыў абноўленага выданьня сутыкнуўся з шэрагам неплянаваных праблемаў. Гаворыць Аляксандар Уліцёнак:

(Уліцёнак: ) “Выйшаў першы нумар газэты “СН+” — “Свободные новости–плюс”. Рэдактар я, калектыў стары. Напярэдадні выхаду паўстала праблема: нам не дазволілі выйсьці на ўсю рэспубліку. Апроч гэтага, мы ня можам газэту давозіць да нашых падпісчыкаў. Наагул хацелі арганізаваць падпіску сваім коштам, але нам сказалі: выхад газэты “Свободные новости” толькі прыпынены, можа яшчэ выйдзе. Але нашых чытачоў, нашых прыхільнікаў у гэтай сытуацыі шкада”.

Радуе спадара Уліцёнка, бадай, толькі тое, што да гэтага выданьня Сяргей Атрошчанка ўжо ня будзе мець ніякага дачыненьня. Але цешыцца спадзяваньнямі на лёгкае жыцьцё, паводле словаў рэдактара “Свободных новостей”, не выпадае.

(Уліцёнак: ) “Мяркую, што войны будуць, і вельмі жорсткія. Гледзячы, які вакол калектыву “Свободных новостей” і вакол недзяржаўнай прэсы наагул узьняты палітычна гвалт — яўна арганізаваны не адным чалавекам, а моцнымі палітычнымі сіламі, – думаю, нас чакаюць нялёгкія выпрабаваньні. Таму ў гэтым сэнсе вельмі важная падтрымка грамадзкая і чытацкая”.