ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГОМЕЛЮ ПРАВЯЛІ МІТЫНГ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ПАЛІТЫКІ ЎЛАДАЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Літаральна за паўгадзіны да пачатку мітынгу на горад абрынуўся моцны лівень. Аднак у прызначаны час на стадыён прыехалі ня толькі гамельчукі, але і дробныя гандляры з Рэчыцы, Мазыра, Сьветлагорску, Жлобіну, Менску. Пад праліўным дажджом і распачаўся шматлюдны мітынг:

(Віктар Ялфімаў: ) “Прырода плача над горкім лёсам сярэдняй клясы ў Беларусі! Прырода плача над Беларусьсю! Пра што гэта сьведчыць? Відавочна, патрэбную Богу справу робіце, спадары прадпрымальнікі”.

Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць пастаяннага перагляду заканадаўства, якое пагаршае іх становішча, не пагаджаюцца з увядзеньнем новых абавязковых 30-адсоткавых сацыяльных плацяжоў, касавых апаратаў, выступаюць за акцыяваньне рынкаў.

Працягвае прадпрымальнік з Рэчыцы Зураб Барбакадзэ:

(Барбакадзе: ) “Калі гэтыя новаўвядзеньні будуць ажыцьцёўленыя, калі мы ў верасьні ня станем страйкаваць – улады ўсё зробяць па-свойму. У кастрычніку ўжо будзе позна”.

Такога меркаваньня прытрымліваюцца і мазырчукі. Вось што сказаў нашаму радыё Валер Баркавец:

(Баркавец: ) “Прадпрымальнікі Мазыра падтрымліваюць прадпрымальнікаў Гомеля, Віцебскай, Магілёўскай абласьцей, Менску ў тым, каб з 1 верасьня распачаць страйк і працягваць да таго часу, пакуль урад ня сядзе з намі за “круглы стол” для вырашэньня набалелых пытаньняў . Мы хочам адкрытага, канкрэтнага дыялёгу. Хопіць нас палохаць!”

Старшыня беларускага Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў, які прыехаў падтрымаць гамельчукоў, заявіў наступнае:

(Быкаў: ) “Сёньня склалася такая сытуацыя – я буду казаць адкрыта – ва ўладзе, ці дакладней, каля ўлады зьявіліся сур’ёзныя людзі зь вялікімі грашыма. У Менску, у прыватнасьці, ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва 3-4 супэрмаркетаў. А дробныя прадпрымальнікі, усе вы, зьяўляецеся ўжо канкурэнтамі гэтым супэрмаркетам”.

Мітынг пад праліўным дажджом і лёзунгамі: “Кожнаму чыноўніку – касавы аппарат”, “Беларуская эканоміка – адсталы саўгас” доўжыўся гадзіну. Вырашана з 1 верасня распачаць бестэрміновы страйк. Арганізатар мітынгу Тацяна Марчанка папрасіла пацьвердзіць рашэньне такім чынам:

(Марчанка: ) “Я хацела б, каб вы свае парасоны паднялі ўверх, калі вы – за гэта.

Парасоны паднятыя. Прадпрымальнікі адгукнуліся шматгалосым: “За!”