АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА АБВЕСЬЦІЎ БЕЛАРУСЬ ВІЗЫТОЎКАЮ ЭЎРОПЫ, А НАСТУПНЫ ГОД – “ГОДАМ ПАРАДКУ”, І ЗАГАДАЎ ПАЧАЦЬ ЗЬ МЕНСКУ

Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшнім паседжаньні, прысьвечаным абмеркаваньню новага генэральнага пляну гораду Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму наступнае:

(Лукашэнка: ) “Нам трэба навесьці парадак у нашай краіне ды абвесьціць, Генадзь Васільевіч, будучы год “Годам Навядзеньня Парадку ў Нашай Дзяржаве”. Каб наша зямля выглядала прыгожа. Белая Русь мусіць быць белай, прыгожай, чыстай... Гэта візытоўка ўсяе Эўропы. І яе трэба – гэтую краіну – прывесьці ў парадак”.

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што пачынаць трэба зь Менску, але трэба паскараць таксама ўпарадкаваньне іншых гарадоў і вёсак, прычым трэба прыцягнуць да гэтага іхных жыхароў “у поўным аб’ёме”. “Нашыя людзі гатовыя да гэтага, але раённыя ўлады мусяць арганізаваць працу”, – сказаў спадар Лукашэнка на фоне паведамленьняў з Полацку, які рыхтуецца да чарговых “Дажынак” у аўральным парадку.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне далейшага разьвіцья Менску мае “архіважнае агульнанацыянальнае значэньне”. Ён дадаў, што Менск мусіць разьвівацца на падставе паўнавартаснага генэральнага пляну пры шчыльным узаемдзеяньні ўладаў гораду і Менскай вобласьці, і зазначыў, што такога ўзаемадзеяньня цяпер няма, таму ён, Лукашэнка, вымушаны штораз умешвацца.

З аднаго боку, Аляксандар Лукашэнка выказаўся катэгарычна супраць забудовы зялёных зонаў у Менску і навакольлі, ды сказаў, што яны мусяць стаць камфартабэльнымі зонамі адпачынку. Зь іншага боку, ён жа заявіў:

(Лукашэнка: ) “Трэба выкарыстоўваць усе прылеглыя тэрыторыі ня толькі Менскага раёну для таго, каб прадаставіць зямельныя ўчасткі менчукам, якія жадаюць пабудаваць сабе хто дом, хто кватэру, хто проста хіжыну – хто на што здатны, але ў яго мусіць быць кусок зямлі”.

Спадар Лукашэнка таксама вызначыў новыя парамэтры эвакуацыі насельніцтва зь Менску:

(Лукашэнка: ) “Менск мусіць быць такім горадам, які жыхары могуць пакінуць у выпадку неабходнасьці выезду за горад на працягу 10-15 хвілінаў. Ну, у скрайнім выпадку – 20-ці”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўлады мусяць не дапускаць бескантрольнага росту колькасьці насельніцтва сталіцы і дадаў: “Менск ня можа разьвівацца за кошт усіх астатніх тэрыторыяў рэспублікі, усмоктваючы, быццам пыласмок, працоўныя рэсурсы”. На думку спадара Лукашэнкі, жыцьцёвыя стандарты мусяць быць прыкладна аднолькавымі ўва ўсіх гарадах Беларусі.

Адметна тое, што папярэдні генэральны плян Менску, зацьверджаны ў 1982 годзе на пэрыяд да 2000-га, быў скіраваны менавіта на гэта. Паводле прагнозу 20-гадовае даўніны, зараз у Менску насельніцтва мела б складаць 2 мільёны чалавек, а ягоны прырост – ня больш за 1,5% на год. Стары генплян сталіцы якраз і прадугледжваў разьвіцьцё абласных цэнтраў Беларусі і гарадоў-спадарожнікаў кшталту Барысава й Маладэчна, каб стрымаць прыток міграцыі ў Менск.

Цікава таксама, што паводле генэральнага пляну 1982 году меркавалася вынесьці за межы Менску стары першы аэрапорт, а на ягоных вялізных тэрыторыях у самым цэнтры гораду пабудаваць новае жыльлё. Аднак менавіта Аляксандар Лукашэнка сваім рашэньнем пакінуў аэрапорт-1 разам з авіярамонтным заводам на старым месцы.

Пакуль жа Лукашэнкава ўвагу скіраваная на, як паведамляе Беларускае тэлевізія, “ўсё новыя і новыя сацыяльна значныя аб’екты. Адзін з апошніх спартыўных аб’ектаў – лыжна-ролерная траса ў раёне праспэкта Машэрава, якая ня мае аналягаў на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнае адкрыцьцё трасы адбудзецца 30 жніўня”. Адметна, што менавіта ў гэты дзень, пасьлязаўтра, спадару Лукашэнку споўніцца 48 гадоў.

Пасьля гэтай даты наступіць яшчэ адна – 14 верасьня, новае сьвята гораду Менску. Да таго часу мяркуецца аднавіць рух транспарту на перакапаным зараз пляцы Незалежнасьці. А ўжо зь 1 верасьня ад гэтага пляцу да будынку Нацыянальнае Акадэміі навук пачнуць зьнішчаць тралейбусную лінію. Паводле сталічных чыноўнікаў, дрот і слупы псуюць выгляд гораду. Замест тралейбуса №2 на праспэкце Францішка Скарыны будзе працаваць аўтобусны маршрут №100.

На думку шмат якіх менчукоў, усё гэта праявы тыповае паказухі. Спачатку з галоўнага праспэкту прыбралі камэрцыйныя шапікі, цяпер настала чарга тралейбусных слупоў. Нібы пацьвярджаючы гэта, Менскі гарвыканкам вырашыў да таго ж 14 верасьня абнавіць усе будынкі, якія выходзяць на Менскую кальцавую аўтадарогу. І хаця сёньня Аляксандар Лукашэнка ўшчуваў падначаленых за нізкія тэмпы рэканструкцыі кальцавой, гарадзкія ўлады больш занепакоеныя тым, каб дамы ля дарогі выглядалі як новыя.