Паводле дадзеных галоўнага статыстычнага бюро Польшчы, у першай палове жніўня ў параўнаньні да першай паловы папярэдняга месяца цэны прадуктаў зьнізіліся амаль на 2%. Гэтае зьніжэньне аказалася ў паўтара раза большым , чым прагназавалі адмыслоўцы. Такім чынам, гэта азначае, што палякі будуць выдаваць трохі менш грошай на харчаваньне, але менш будуць зарабляць і фэрмэры.
Цікава, што напярэдадні польскі ўрад стварыў адмысловую камісію ў справе жніва, але ня ў часе разгару сельскагаспадарчых працаў, а толькі цяпер. Справа ў тым, што камісія мусіць да 10 верасьня вырашыць, што рабіць зь лішкамі ўраджаю. Сёлета ў часе жніва галоўнай праблемай польскіх фэрмэраў было не як прыбраць збожжа, але куды яго прадаць. Трохдзённыя чэргі трактараў і грузавікоў са збожжам часта зьяўляліся ў матэрыялах тэлевізійных навінаў.
Паводле Кшыштафа Дзяржаўскага, экспэрта ў справе коштаў харчоў Варшаўскага Цэнтру імя Адама Сьміта, зьніжэньне коштаў зьвязанае з добрым ураджаем, які атрымалі сёлета фэрмэры. Прыватныя фірмы, якім, паводле існуючага ў Польшчы парадку, дзяржава перадае грошы на закупку збожжа ды іншых прадуктаў, прызначылі вельмі прывабныя цэны, што заахвоціла фэрмэраў вырабіць больш прадуктаў.
Я запытаўся ў спадара Дзяржаўскага, як, на ягоную думку, паўплываюць новыя мытныя пошліны на ўвоз тавараў (у тым ліку і харчовых), якія напярэдадні ўвялі беларускія ўлады, на стан сельскай гаспадаркі ў памежных зь Беларусьсю польскіх рэгіёнах. Гаворыць Кшыштаф Дзяржаўскі:
(Дзяржаўскі: ) “Напэўна, пошліны паўплываюць на сытуацыю ў памежных раёнах, аднак у якой ступені – мне пакуль цяжка сказаць. У адным я ўпэўнены ўжо зараз: гэтыя пошліны не прынясуць карысьці ані польскім вытворцам, ані беларускім спажыўцам”.
Між тым, зьніжэньне цэнаў польскіх прадуктаў амаль не зьвязанае з інфляцыяй, якая ў Польшчы складае менш за 2% у год – гэта адзін з найбольш нізкіх паказчыкаў у Эўропе.
Варта адзначыць, што агульная эканамічная сытуацыя ў Польшчы застаецца цяжкай. Высокае беспрацоўе і нізкі ўзровень эканамічнага росту выклікаюць занепакоенасьць у польскім грамадзтве. Паводле апошніх дасьледаваньняў, 76% палякаў лічаць эканамічную сытуацыю ў сваёй краіне дрэннай.