МІЖНАРОДНЫ ПЛЕНЭР ІМЯ БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ БУДЗЕ ПРАХОДЗЦЬ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ І Ў ЦЬВЯРСКОЙ ГУБЭРНІ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Міжнародныя пленэры імя Бялыніцкага-Бірулі праводзяцца ў Магілёўскай вобласьці з 1996 году. Усе яны былі прысьвечаныя розным мастакам і датам, але адзін зь першых пленэраў праводзіўся з нагоды якраз 125-годзьдзя з дня нараджэньня Бялыніцкага-Бірулі. У гэтай сувязі ў Магілёве быў усталяваны першы і адзіны помнік мастаку (на той момант – адзіны ў Беларусі помнік дзеячу выяўленчага мастацтва”.

Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці, але ўсё жыцьцё пражыў у Расеі, ва Ўдомельскім краі. Але тым ня менш, беларусы лічаць яго сваім мастаком. Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў Беларусі Мікола Арасланаў мяркуе, што справа тут ва ўплыве дзіцячых успамінаў, а таксама ў падабенстве прыроды.

(Арасланаў: ) “Хоць ён пісаў у Расеі, ва Ўдомлі (там ягоная дача была), але тыя мясьціны блізкія да нашых. І такая ж, як і ў нас, прырода – не кантрастная, няяркая. Яна такая хвалюючая, задумлівая, крыху шараватая. Шмат мясцін было напісана менавіта беларускіх”.

Зь цягам часу абставіны правядзеньня Магілёўскіх пленэраў жывапісу зьмяняліся. Грошай цяпер усё меней. Сёлета арганізатары заявілі, што зэканомілі на ўсім магчымым.

Больш не прыяжджаюць на пленэр знакамітыя музыканты – як то “Віртуозы Масквы” з Уладзімерам Сьпіваковым, ды й прадстаўніцтва мастакоў на міжнародным пленэры год ад году звужаецца. Няма ўдзельнікаў з Польшчы, Швайцарыі, Францыі, Сэрбіі і гэтак далей. У сёлетнім пленэры будуць браць удзел, акрамя беларусаў, расейцы, украінцы і малдаване. У апошні момант не змаглі прыехаць мастакі з краінаў Балтыі, як паведамілі арганізатары – у зьвязку зь візавымі праблемамі.

Улады прыхільна ставяцца да правядзеньня пленэраў Бялыніцкага-Бірулі і выкарыстоўваюць асобу мастака як сымбаль, паводле словаў чыноўнікаў, “яднаньня славянскіх народаў”. Таму прамовы пра беларуска-расейскае сяброўства Магілёўскі пленэр захоўвае як традыцыю.

Мастакі звычайна спакойна ставяцца да палітычнай часткі пленэру і лічаць пытаньні сяброўства і супрацоўніцтва даўно вырашанымі. Гаворыць Мікола Арасланаў...

(Арасланаў: ) “Для творчасьці межаў не йснуе. Таму мастакоў Беларусі і мастакоў Расеі аб’ядноўвае ў першую чаргу творчасьць”.

У гэтым пленэры звычайна бяруць удзел вядомыя мастакі, сябры саюзаў мастакоў Беларусі ды Расеі. Яны лічаць прэстыжным працаваць на лецішчы саюзу расейскіх мастакоў у Цьвярской губэрні.

Мастацкую моладзь туды не запрашаюць, таму пленэр Бялыніцкага-Бірулі ня стаў месцам адкрыцьця маладых талентаў. Аднак на Магілёўшчыне ў апошнія гады пры канцы лета маладыя мастакі зь Беларусі, Японіі, Чэхіі, Галяндыі ды іншых краінаў сьвету, зь ініцыятывы грамадзкай арганізацыі “Ліга добраахвотнай працы”, праводзяць свой моладзевы пленэр і дораць свае працы сацыяльным установам Магілёўскай вобласьці.