ЖОДЗІНСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ЖАДАЮЦЬ СТВАРАЦЬ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ КЛЯСЫ

Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Вось ужо трэці дзень запар сябры Жодзінскай арганізацыі ТБМ як улётку распаўсюджваюць у сваім горадзе адмысловы зварот да бацькоў, у якім падаюцца адрэсы тых школ і дзіцячых садкоў, у якіх мясцовы аддзел адукацыі мусіць адкрыць беларускамоўныя падрыхтоўчыя клясы. Гэта – дзіцячы садок №18 і сярэдняя школа №3.

Як патлумачыў старшыня філіі Таварыства беларускай мовы Аляксей Лапіцкі, ён і ягоныя калегі сутыкнуліся зь нежаданьнем жодзінскіх уладаў ствараць беларускамоўныя клясы. Паводле словаў спадара Лапіцкага, чыноўнікі, напрыклад, часта дэзінфармуюць школьныя адміністрацыі і дзіцячыя садкі, а таксама бацькоў пра тое, дзе канкрэтна ствараюцца такія клясы. Службоўцы ў абласную управу адукацыі падаюць сьведчаньні пра школу №3 і дзіцячы садок №18, а насамрэч падрыхтоўчыя беларускамоўныя клясы наважыліся ствараць у школе №5 і дзіцячым садку №14.

Калі пасьля размовы з Лапіцкім я патэлефанаваў да Алены Арэх, загадчыцы дзіцячага садка №18, пра які йдзе размова ў лісьце з абласной управы адукацыі ў жодзінскую філію ТБМ, спадарыня Арэх адказала:

(Арэх: ) “Не, ня ў наш садок. Гэта ў вас няверная інфармацыя”.

Такі ж самы быў адказ і ад Натальлі Стралкоўскай, завуча школы №3. Яна, дарэчы, распавяла: нядаўна да яе бацькі прынесьлі тры заявы ў беларускамоўную падрыхтоўчую клясу. Пасьля таго як завуч паведаміла пра тое, што іхныя дзеці будуць навучацца ня тут, а ў 5-й школе, яны забралі назад заявы: ім з ускраіны гораду далекавата дабірацца ў цэнтар Жодзіна.

Гэтая блытаніна ўплывае на тое, што многія бацькі не сьпяшаюцца з падачай адпаведных заяваў. Вось што сказала Радыё Свабода жыхарка места спадарыня Іна:

(Іна: ) “Гэта ўжо ня першы раз усім абяцаюць, але да гэтага часу нічога добрага зроблена не было. І таму я нашым уладам у гэтым сэнсе не давяраю зусім, і будзем глядзець далей”.

А вось меркаваньне яшчэ адной маці, спадарыні Сьвятланы. Яна таксама не жадае аддаваць свайго сына ў школу №5...

(Сьвятлана: ) “Гэта разыходжаньне з той інфармацыяй, якую мне даў спадар Горыд. Бо ён пісаў, што падрыхтоўчыя клясы будуць адкрывацца ва ўсіх школах. Дык я не разумею, куды весьці свайго дзіцёнка? Я не хачу ў пятую школу, я не хачу, каб мой дзіцёнак ішоў у пятую школу на францускую мову навучаньня”.

У офісе ТБМ я выпадкова стаў сьведкам тэлефоннай размовы загадчыка гарадзкога аддзела адукацыі Яўгена Горыда і Аляксея Лапіцкага...

(Лапіцкі: ) “Якім чынам вярнуць назад гэтыя тры заявы бацькоў, якіх дэзінфармавалі?”

(Горыд: ) “Вы мне не кажыце: дэзінфармавалі!.. Вы мне нясіце заявы”.

(Лапіцкі: ) “Значыць, няма заяваў – няма праблемаў?”

(Горыд: ) “Няма заяваў – няма праблемаў”.

На думку прадстаўніцы абласной Управы адукацыі Валянціны Аліноўскай, жодзінскае кіраўніцтва проста не жадае выконваць мінулагоднюю пастанову галіновага міністэрства пра пашырэньне беларускай мовы ў сыстэме адукацыі.