ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА ЧАСОПІСУ “ВСЕМИРНАЯ ЛИТЕРАТУРА” ТАІСА БОНДАР ПАЙШЛА Ў АДСТАЎКУ ПА ЎЛАСНЫМ ЖАДАНЬНІ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня Таіса Бондар патлумачыла для Радыё Свабода прычыну свайго сыходу з часопісу “Всемирная литература”:

(Бондар: ) “Я ня ўпісваюся ў сучасныя рытмы. Хочуць перабудоўваць усё з ног да галавы. Я аддала 6 гадоў жыцьця на гэты часопіс. Лічу, што дастаткова”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, а Вашая адстаўка была прынятая?”

(Бондар: ) “Пакуль у мяне няма запісу ў працоўнай кніжцы. Я зьвярнулася з нагоды адстаўкі ў Міністэрства інфармацыі. Я ў голдынг не ўваходзіла, не пачынала зь імі працаваць. Я ім перадала часопіс, усё, усе ключы, усё па акце забралі. А цяпер мы ліквідуемся як юрыдычная асоба”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі было прынятае рашэньне пайсьці ў адстаўку?”

(Бондар: ) “Ужо больш за месяц таму была пададзеная заява. Міністар інфармацыі запатрабаваў ад мяне тлумачэньня. Я патлумачыла, чаму я не здолею гэтак працаваць. На жаль, наколькі я разумею, гэта непрафэсіяналізм. Часопіс вельмі цяжкі. Гэта ня проста беларускі часопіс, у які пісьменьнікі прыносяць свае творы. Гэта міжнародныя справы. Гэта работа з амбасадамі. Я паглядзела, што я проста ня здолею, як раней, працаваць. А працаваць неяк інакш, то я проста ня буду перабудоўвацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці вядома, хто заменіць Вас на чале часопіса?”

(Бондар: ) “Пасьля ўсіх маіх прынятых рашэньняў мне ніхто не тэлефануе”.

(Карэспандэнтка: ) “А што Вы будзеце рабіць надалей?”

(Бондар: ) “Ня ведаю. Ніякіх прапановаў няма. Буду сядзець дома, спрабаваць пісаць”.

Варта зазначыць, што сваю незадаволенасьць палітыкаю, якую праводзіць кіраўніцтва літаратурна-выдавецкага гольдынгу, выказала літаратарка, вядомая сваёй прыхільнасьцю да Аляксандра Лукашэнкі. Да таго ж часопіс, які яна ўзначальвала, актыўна друкаваў творы славянафільскіх пісьменьнікаў. Што да таго, хто заменіць Таісу Бондар на чале часопіса замежнай літаратуры, то газэта “Наша Ніва” сёньня прапанавала на гэты конт сваю вэрсію – ім нібыта стане пісьменьнік Міраслаў Адамчык, сын Вячаслава Адамчыка. “Наша Ніва” гэтак жа сьцьвярджае, што ў адстаўку пайшла і галоўная рэдактарка часопісу “Нёман” Ніна Чайка.

Кіраўнік літаратурна-выдавецкага голдынгу Сяргей Касьцян у інтэрвію Радыё Свабода абверг гэтую інфармацыю, як, дарэчы, і зьвесткі пра адстаўку Таісы Бондар.

(Касьцян: ) “Гэта ўсё хлусьня. Выдумка, і хто гэта прыдумаў, я ня ведаю. Ад першай і да апошняй літары – ўсё выдумка”.

Сяргей Касьцян мяркуе, што недакладную інфармацыю распаўсюджваюць людзі, якія спрабаюць перашкодзіць працы гольдынгу:

(Касьцян: ) “Тыя, хто не зацікаўленыя, каб сярод творчай інтэлігенцыі адбылося аб’яднаньне. Нехта вельмі зацікаўлены, каб яна была падзеленая на групоўкі, і каб яна ніяк не хацела супрацоўнічаць зь існуючай ўладаю. Вядома, што гэта зьвязана з маючым адбыцца 14-м зьездам пісьменьнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці разглядалася кадравае пытаньне, зьвязанае з Міраславам Адамчыкам?”

(Касьцян: ) “Не, ніяк не разглядалася”.

Апошнімі днямі стала вядома пра сыход яшчэ аднаго галоўнага рэдактара выданьня, якое уваходзіць у літаратурна-выдавецкі гольдынг. Алесь Пісьмянкоў пакінуў кіроўную пасаду ў газэце “Літаратура і мастацтва”. З 20 жніўня ён узначальвае часопіс “Вожык”. Вось якім чынам ён патлумачыў для Радыё Свабода прычыны свайго сыходу:

(Пісьмянкоў: ) “Я вельмі стаміўся. Калі ішоў працаваць у “ЛіМ”, я прасіўся ня больш як на два гады (мне прапанавалі). Але паводле лёсу і з-за многіх іншых прычынаў я застаўся на такі тэрмін, як 3 гады і 8 месяцаў. У сувязі са страшэннай фізычнай і маральнай стомаю... Я і маці пахаваў, дарэчы, і бабулю сёлета. Калі мне прапанавалі пайсьці ў “Вожык”, я даў згоду, абсалютна і ня доўга думаючы. Ёсьць яшчэ адная прычына. Я прызвычаіўся быць гаспадаром сытуацыі. Мне шкада разьвітвацца з тым, што зроблена ў “ЛіМе”. Мне ўяўляецца, што ў “Вожыку” праца цікавая. Некалі я пачынаў з гумару. Я хачу абвергнуць у “Вожыку” прынцып, даўно вядомы ў народзе, што “й вожыку зразумела”. Такім чынам “Вожык” будзе больш інтэлектуальны”.

Алесь Пісьмянкоў назваў імя і свайго пераемніка ў “ЛіМе”. Гэта – цяперашні намесьнік галоўнага рэдактара газэты паэт Віктар Шніп.