У РАСЕІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ АБМЯРКОЎВАЦЬ ТОЕ, ЯК НАЙЛЕПШ ДАЛУЧЫЦЬ БЕЛАРУСЬ

Юры Сьвірко, Менск

Некаторыя прадастаўнікі Расеі пачалі заяўляць, што й рэфэрэндум пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ўжо непатрэбны.

Мэр Бранску спадар Палякоў заявіў, што найлепшым варыянтам ёсьць утварэньне “Беларускае фэдэральнае акругі ў складзе Расеі”. На думку бранскага мэра, у гэтым выпадку немэтазгоднымі будуць выдаткі як на выбары адзінага прэзыдэнта “саюзнае дзяржавы”, гэтак і на стварэньне адзінай грашовай адзінкі:

“У Расеі ёсьць моцны прэзыдэнт, ёсьць свая грашовая адзінка”, – заявіў спадар Палякоў і дадаў: “Па-мойму, нейкі іншы шлях разьвіцьця ў гэтай сытуацыі немажлівы. Аляксандар Лукашэнка, хутчэй за ўсё, рэальна расцэньвае свае сілы й выходзіць на прэзыдэнцкія выбары, калі такія адбудуцца, наўрад ці стане”.

Гэтую думку мэра Бранску фактычна падтрымаў і дзяржаўны сакратар гэтак званае саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі Павал Барадзін, які нібыта забавязаны служыць “двум панам”. Дзяржсакратар заявіў, што расейскі прэзыдэнт “больш канкрэтна, больш жорстка й прадбачліва расставіў даты, прыярытэты і дакладныя арыентыры” – што і калі рабіць зь інтэграцыяй. Спадар Барадзін упэўнены, што Пуцін і Лукашэнка абавязкова дамовяцца, а ў эканамічным пляне, цытую, “мы ўжо жывем у адной дзяржаве”.

Прэсавы сакратар спадара Барадзіна Іван Макушок нават заявіў, што ў гэтай дзяржаве пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі ўжо “нічога ня значыць”.

(Макушок: ) “Ёсьць некаторая двухсэнсоўнасьць і падмена паняцьцяў. Пуцін нічога не патрабаваў – неадкладнай рэакцыі ад Лукашэнкі. Пуцін прапаноўваў два шляхі ды насамрэч меў на ўвазе яшчэ й трэці. Тэрміны, пра якія казалі – гэта тэрміны ўвядзеньня адзінае валюты, тэрміны правядзеньня рэфэрэндуму і тэрміны правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Пра форму дзяржавы, якая будуецца, там было выказана тры розныя прапановы. Ня тая невядомая колькасьць, што імкнецца да бясконцасьці, як было да таго, а тры. Калі адну з гэтых прапановаў адразу ж адмёў з парогу Лукашэнка – гэта нічога ня значыць”.