“ІНТЭГРАЦЫЯ ПОЙДЗЕ НА ЎМОВАХ КРАМЛЯ, БЕЛАРУСЬ НЯ ЗМОЖА ЎПЛЫВАЦЬ НА РАСЕЙСКУЮ ПАЛІТЫКУ Ў НІВОДНАЙ СФЭРЫ”

Аляксандар Лукашук, Прага

Назва вядомай песьні The Beаtles стаіць з пытальнікам. Пазыцыя брытанскіх аналітыкаў больш складаная, чым інтэграцыя паводле ўзору машыны часу. Яны лічаць, што Пуцін перахапіў ініцыятыву і цяпер будзе дыктаваць умовы аб'яднаньня. Апроч таго, гэтая ініцыятыва закліканая супакоіць расейскіх кансэрватараў, якіх трывожыць празаходняя палітыка і лібэральныя рэформы, асабліва напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі – Пуцін распачаў перадвыбарчую кампанію, піша “EIU”.

Але ня толькі – умовы, расклад рэфэрэндуму і ўвядзеньня расейскага рубля сьведчаць, што Пуцін прапануе расейкі захоп Беларусі. Як і ў выпадку зь нямецкім узьяднаньнем, у выніку будзе не аб'яднаньне дзьвюх частак, а адна частка паглыне другую.

У цэлым Пуціну гэта было б выгадна, лічаць брытанскія аналітыкі. Тут кантроль за нафтаправолдамі, уварваньне расейскага капіталу ў закрытую краіну, аднаасобнае распараджэньне вайсковымі аб'ектамі. Пра ўнутрыпалітычны выйгрыш я ужо казаў, але на думку “EIU”, Пуцін выйграе і на міжнароднай арэне. Абяднаньне і абраньне на пасаду кіраўніка Пуціна скідвае з палітычнай арэны Лукашэнку. Беларускі кіраўнік даўно раздражняе і ЗША, і Эўразьвяз, якія незадаволеныя падтрымкай ягонага рэжыму з Масквы.

Наколькі ўпэўненыя брытанскія аналітыкі, што аб'яднаньне насамрэч адбудзецца? “EIU” фактычна так увогуле ня ставіць пытаньне. Для Лукашэнкі прапанова Пуціна азначае палітычную анігіляцыю, і яна ня будзе прынятая. Але вось далейшыя перамовы пра інтэграцыю, эканамічнае супрацоўніцтва, крэдыты будуць праходзіць выключна паводле расейскага сцэнару. Лукашэнка больш ня зможа атрымліваць ільготы ад Расеі на сваіх умовах, нічога не даючы ўзамен. Двухбаковыя адносіны будуць адпавядаць асымэтрычнаму раскладу.

Крэмль падтрымаў Лукашэнку на выбарах летась, але на думку “EIU”, так ня можа працягвацца – таму Масква глядзіць на некаторыя часткі апазыцыі. Відавочны і зьнешнепалітычны выйгрыш.

Аднак замена Лукашэнкі на іншага лідэра тоіць пагрозы для Масквы – новы лідэр можа зблізіцца з Захадам, а Масква зусім ня хоча мець NATO у Беларусі. Такім чынам, Пуцін ня можа дазволіць сабе і цалкам згубіць Беларусь і, верагодна, будзе працягваць стасункі з Лукашэнкам – на сваіх жорсткіх умовах. Лукашэнка, вымушаны цяпер адыгрываць ролю абаронца незалежнасьці, на думку “EIU”, ня будзе мець выбару, апроч як прыняць гэтыя умовы.