“ПУЦІН РОБІЦЬ СТАЎКУ НА ВЯЛІКУЮ РАСЕЮ”...

Алена Панкратава, Прага

Калі гаварыць пра загалоўкі, то найбольш выразным падаецца загаловак ў бэрлінскай ТАZ. Ён гучыць: “(Бела)Русь”. “Бела” ўзятае ў дужкі, і такім чынам чытачу становіцца зразумела, што Расея нібыта праглынае Беларусь…

Пра тое, што ўчора Пуцін бліскуча правёў партыю і адным стрэлам забіў двух зайцаў, гаворыцца ў прыватнасьці ў такіх выданьнях як “Handelsblatt” і “Wirtschaftswoche heute”, якія арыентаваныя на дастаткова прагматычную публіку - бізнэсовую клясу Нямеччыны, Аўстрыі, Швэйцарыі… Так, артыкул у “Wirtschaftswoche” пачынаецца словамі Пуціна “Час настаў, тым больш, што народ хоча гэтага”, а далей журналіст падае ягонае, Пуцінава, уяўленьне пра аб’яднаньне. Новая саюзная дзяржава – гэта зусім не саюз роўных народаў-братоў, гэта павялічаная альбо Вялікая Расея. Такім чынам, паводле нямецкага аглядальніка, для сваёй айчыннай публікі Пуцін, сапраўды, забіх двух зайцаў. Ён, па-першае, заняў нішу рухавіка інтэграцыі, якая раней належала Лукашэнку. Па-другое, маскоўскі лідэр прадэманстраваў Захаду, што насамрэч зацікаўлены ў супрацоўніцтве з НАТО і Эўразьвязам у сувязі з прасоўваньнем гэтых структураў на усход, да расейскіх межаў.

Наколькі нечаканай падаецца эўрапейскім назіральнікам учорашняя заява Пуціна? Для эўрапейскіх, а тым больш нямецкіх назіральнікаў яна больш чым чаканая. Дзесьці пасьля падзеяў 11 верасьня, калі Пуцін прадэманстраваў Захаду сваю гатовасьць да новага палітычнага курсу, у палітычных і паліталягічных колах Нямеччыны ў часе нефармальных размоваў можна было пачуць пра тое, што Эўропе было б спакайней, калі б Беларусь насамрэч аб’ядналася з Расеяй. У слова “аб’яднаньне”, зразумела, укладалася зусім не Лукашэнкава разуменьне гэтага паняцьця. Цяпер, мяркуючы зь сёньняшніх публікацыяў, падобныя меркаваньні артыкулююцца больш-меньш адкрыта. Сёньня ў розных артыкулах прыгадваюцца ўсе грахі беларускага рэжыму і пішацца пра тое, што Пуцін, які раней дастаткова індыфэрэнтна назіраў за ўсім гэтым, нарэшце ставіць кропку над “і”. Ён гаворыць пра аб’яднаньне ў рамках Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі. Як лічаць нямецкія назіральнікі, падобная наступальная тактыка расейскага кіраўніка робіцца з пэўным прыцэлам на Брусэль. Паводле нямецкіх выданьняў, за ўсім гэтым можна ўбачыць гэтак званаю калінінградзкую карту. Новая вялікая расейская дзяржава прасунецца да межаў з балтыйскімі дзяржавамі і Польшчай У гэтай сувязі адлегласьць Расеі ад калінінградзкага анкляву зьменшыцца на 100 кілямэтраў.

Ацэньваючы рэакцыю Менску, журналісты пішуць што Лукашэнка, нягледзячы на ягоную заяву, нібыта гэткая пазыцыя Крамля непрымальная для Беларусі, што аб’яднаньне павінна адбыцца з захаваньнем беларускага сувэрэнітэту, фактычна заціснуты Пуціным у кут. Дэманструючы сваю нязгоду з Пуцінавай прапановай, ён становіцца тормазам інтэграцыі…