МЗС БЕЛАРУСІ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО БУДАЎНІЦТВА САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ МУСІЦЬ ІСЬЦІ З ЗАХАВАНЬНЕМ МІЖНАРОДНАЙ ПРАВАСУБ’ЕКТНАСЬЦІ І СУВЭРЭНІТЭТУ

Уладзімер Глод, Менск

Сёньня падчас брыфінгу прэсавага сакратара я спытаўся ў яго, ці мае ўжо Міністэрства замежных справаў афіцыйную пазыцыю наконт тых прапановаў, што прагучалі падчас учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна? Павал Латушка адказаў:

(Латушка: ) “У адпаведнасьці з пазыцыяй, выказанай прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімерам Пуціным, МЗС Беларусі прадоўжыць працу па рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

Падчас маскоўскага саміту разглядаліся розныя падыходы да працэсу далейшага будаўніцтва саюзнай дзяржавы. МЗС Беларусі будзе зыходзіць з таго, што на сёньняшні дзень ня поўнасьцю рэалізаваныя патэнцыйныя магчымасьці, закладзеныя ў рамках саюзнай дамовы і дзейных у рамках саюзу беларуска-расейскіх пагадненьняў.

Кіраўнікі дзяржаваў прытрымліваюцца пазыцыі, што нашыя краіны маюць уласны досьвед саюзнага будаўніцтва і ня выкарысталі яшчэ ўсе мэханізмы дамовы, на аснове якой і будуць разьвівацца беларуска-расейскія адносіны. МЗС Беларусі зыходзіць з разуменьня таго, што будаўніцтва саюзнай дзяржавы павіннае ажыцьцяўляцца з захаваньнем міжнароднай правасуб’ектнасьці і сувэрэнітэту дзьвюх дзяржаваў”.