БЕЛАРУСЬ МОЖА БЫЦЬ ІНКАРПАРАВАНАЯ Ў СКЛАД РАСЕЙСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ

Юры Дракахруст, Прага

У прыватнасьці, на плебісцыт мяркуецца вынесьці пытаньне:

Ці згодны вы, каб Расея і Беларусь стварылі адзіную дзяржаву на наступных прынцыпах:

-забесьпячэньне роўнасьці правоў і свабодаў расейскага і беларускага народаў,

-роўнасьць суб’ектаў Беларусі і Расеі,

-стварэньне адзіных ворганаў улады у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Расейскай Фэдэрацыі.

Пуцін сказаў, што падмуркам саюзнай дзяржавы мусіць стаць менавіта канстытуцыя Расеі, бо Беларусь, паводле канстытуцыі, дзяржава ўнітарная, а Расея – фэдэратыўная. Адзіная дзяржава, паводле Пуціна, мусіць быць таксама фэдэратыўнаю.

Паводле прапановы прэзыдэнта Расеі на прыканцы 2004 году можна правесьці выбары ў адзіны парлямэнт, а ў 2005 годзе абраць прэзыдэнта адзінай дзяржавы.

Прэзыдэнт Расеі таксама прапанаваў прысьпешыць працэс пераходу на расейскі рубель. Паводле ранейшых пагадненьняў гэта меркавалася зрабіць у 2005 годзе. Пуцін сказаў, што гэта можна зрабіць раней, напачатку 2004 году.

Самае дзіўнае, што размаўлялі двое, а прэсавую канфэрэнцыю праводзіў толькі Пуцін.

Варта дадаць, што ў сваёй прамове ён прыгадаў і іншы варыянт аб’яднаньня, паводле ягоных словаў “нешта падобнае на інтэграцыю ў Эўразьвязе”. Гэты шлях патлумачыў Пуцін прадугледжвае стварэньне саюзнага парлямэнту, які будзе прымаць законы, аднак яны мусяць зацьвяржацца нацыянальнымі парлямэнтамі.