Баранавіцкі «Кабзар» атрымаў афіцыйны статус ва Ўкраіне

Мікола Чарнавус

Арганізацыю баранавіцкіх украінцаў «Кабзар» прыняло ў свой склад Севастопальскае аб’яднаньне «Просвіта». У Беларусі «Кабзар» дабіцца рэгістрацыі ня можа.
Як апавеў «Свабодзе» кіраўнік арганізацыі «Кабзар» Мікола Чарнавус, прыняцьцё ў склад «Просвіты» хоць нейкі афіцыйны статус:

«Цяпер я ўжо афіцыйна зьяўляюся старшынём грамадзкага аб’яднаньня „Кабзар“. І ніхто ня можа мяне папракнуць цяпер у самаўпраўстве, спрабуючы пакараць штрафам».

Ужо другі год Мікола Чарнавус дабіваецца рэгістрацыі. Аднак мясцовыя ўлады адмаўляюць яму ў юрыдычным адрасе. Міколу Чарнавуса нават судзілі «за самаўпраўства» на падставе таго, што ён называе сябе старшынёй «Кабзара».

Аднак Мікола Чарнавус будзе надалей дабівацца рэгістрацыі ў Беларусі: «Мы не адступаемся ад намеру атрымаць рэгістрацыю ў Баранавічах».

Сытуацыя з баранавіцкім аб’яднаньнем «Кабзар» выклікала зацікаўленасьць ва Ўкраіне. Украінскія грамадзкія арганізацыі выказваюць салідарнасьць і заклапочанасьць, а ўкраінскі дэпутат Ігар Гуз зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Украіны з просьбай паўплываць на сытуацыю з парушэньнем правоў украінцаў у Баранавічах.