КРЫШНАІТЫ ПАДАЮЦЬ У СУД НА КАМІТЭТ У СПРАВАХ РЭЛІГІЯЎ І НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЯЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі крышнаітаў сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі камітэту сьвядома зацягваюць час, каб пасьля прыняцьця новага закону канчаткова адмовіць ім у рэгістрацыі.

Цэнтар сьвядомасьці Крышны, які аб'ядноўвае 7 грамадаў з розных рэгіёнаў Беларусі, дамагаецца рэгістрацыі вось ужо больш за год. У траўні летась яны падалі ўсе неабходныя дакумэнты ў Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, але празь месяц чыноўнікі заявілі, што крышнаіты мусяць выправіць свой статут. Маўляў, некаторыя палажэньні гэтага дакумэнту не адпавядаюць заканадаўству.

Вернікі выправілі ўсе памылкі й зноў перадалі дакумэнты ў камітэт. Аднак больш ніякага адказу ад чыноўнікаў яны не дачакаліся, і таму падалі пазоў у суд. (Пасьля прадстаўнік Камітэту Аляксандар Калінаў тлумачыў гэта рэарганізацыяй іхнага ведамства і тым, што доўга не магла сабрацца спэцыяльная рэлігіязнаўчая экспэртыза).

4 ліпеня, сёлета, Цэнтральны райсуд Менску абавязаў Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў даць цягам месяца адказ крышнаітам – будуць яны зарэгістраваныя ці не. Чыноўнікі выканалі судовае рашэньне, і ўчора ўвечары крышнаіты атрымалі ліст падпісаны Старшынём камітэту Станіславам Буко.

У ім пералічваюцца артыкулы розных законаў, якія нібыта парушылі крышнаіты і адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску, калі дала згоду на рэгістрацыю юрыдычнага адрасу Цэнтру сьвядомасьці Крышны. У чым канкрэтна крышнаіты парушылі закон, Станіслаў Буко адказаць ня здолеў. Пры гэтым раней камітэт ня меў ніякіх прэтэнзіяў да крышнаітаў у справе юрыдычнага адрасу.

А вось меркаваньне кіраўніка Цэнтру сьвядомасьці Крышны Сяргея Малахоўскага:

(Малахоўскі: ) "Мы думаем, што ёсьць указаньне зьверху, што праваслаўная рэлігія мусіць быць тут паноўнай, і новыя рэлігійныя рухі не павінны рэгістравацца. Альбо робяцца ім неверагодныя перашкоды, якія не дазваляюць ім дасягнуць рэгістрацыі".

На думку лідэра беларускіх крышнаітаў, улады спэцыяльна цяпер зацягваюць час да прыняцьця новага закону аб веравызнаньнях, паводле якога Цэнтар сьвядомасьці Крышны ня будзе мець ніякіх шанцаў на рэгістрацыю.

Кіраўнік камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко адкідае гэтыя абвінавачаньні:

(Буко: ) "Мы нічога ня лічым, мы працуем у адпаведнасьці зь дзейсным заканадаўствам і палажэньнем. А іх права лічыць. Яны лічаць так, а мы лічым інакш. Акрамя таго, па вялікім рахунку, сёньня я асабіста бачыў, як іхныя прадстаўнікі парушаюць заканадаўства, і забраў у іх літаратуру, якую яны распаўсюджвалі незаконна".

Крышнаіты зьбіраюцца адстойваць сваё права на рэгістрацыю ў судзе.