ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНДТ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЭЎРОПА МУСІЦЬ УПЛЫВАЦЬ НА БЕЛАРУСЬ

Алена Панкратава, Прага

Камэнтуючы апошнія захады беларускага кіраўніцтва супраць газэты «Наша Свабода» і «Радыё Свабода», спадар Бэрэндт у інтэрвію нашаму радыё паведаміў наступнае:

(Бэрэндт: ) «У прынцыпе ўсё, што цяпер назіраецца, ёсьць працягам таго, што ўсе мы ведаем і што мы зусім нядаўна перажылі. Я маю на ўвазе перасьлед і прысуд журналістаў гарадзенскай «Пагоні», а таксама перасьлед рэдактараў газэтаў «Рабочы» і «Народная Воля». Мне падаецца, што Лукашэнка вырашыў надалей праводзіць рэпрэсіі супраць журналістаў, каб прымусіць замоўкнуць любыя крытычныя галасы.

У гэтым зьвязку як не ўзгадаць, што ў часе нядаўняга юбілею газэты «Советская Белоруссия» Лукашэнка сказаў, што журналісты павінны крытычна падаваць сытуацыю ў грамадзтве. Кіраўніку дзяржавы, зразумела, захацелася паказаць свой лібэралізм. На справе ж тых журналістаў, якія сапраўды дэманструюць сваё крытычнае стаўленьне да рэжыму, кіраўніцтва краіны імкнецца запалохаць».

(Радыё Свабода: ) Спадар Бэрэндт, днямі нямецкае выданьне «Frankfurter Rundschau» напісала, што Вы не зьбіраецеся пакінуць у спакоі тэму Беларусі... Што як эўрапейскі палітык Вы зьбіраецеся ў гэтым зьвязку рабіць?

(Бэрэндт: ) «Я думаю, што тэму Беларусі тут на Захадзе трэба шырока абмяркоўваць. Як у прэсе, так і на паседжаньнях эўрапейскіх структураў, той самай Рады Эўропы, арганізацыі, якая налічвае больш за 40 сяброў. Я лічу, што гэта вельмі добры форум для гэткага абмеркаваньня. Не так даўно разам з дэлегацыяй я быў у Беларусі і я напісаў на гэтую тэму справаздачу. Разам з калегамі з Страсбуру мы абавязкова абмяркуем гэтую тэму ў верасьні. Мы якраз будзем абмяркоўваць тыя мэханізмы, якія рэжым выкарыстоўвае ў справе запалохваньня сваёй апазыцыі».

(Радыё Свабода: ) Калі шчыра, наколькі вялікі інтарэс да Беларусі з боку эўрапейскіх палітыкаў, грамадзкасьці, цяпер, калі няма такіх буйных палітычных падзеяў, як тыя самыя выбары...

(Бэрэндт: ) «Я думаю, што інтарэс вырас. І выклікана гэта тым, што апошнім часам мы чуем не самыя радасныя весткі з Рэспублікі Беларусь. Мы чуем пра прысуды і працэсы супраць журналістаў і палітыкаў, пра канфлікт з АБСЭ, зьявы вельмі нэгатыўныя. Тое, што павінна будзіць інтарэс да Беларусі ў эўрапейскіх СМІ. Лічу, што гэты інтарэс трэба выкарыстоўваць».

(Радыё Свабода: ) Наколькі вядома, гэтымі днямі Вы далі шмат інтэрвію пра Беларусь у нямецкіх СМІ. Нават сёньня напярэдадні нашай з Вамі размовы Вы гутарылі з карэспандэнтам нямецкага радыё...

(Бэрэндт: ) «Так, гэта было WDR – заходненямецкае радыё, вельмі папулярная праграма «Эўропа», якая запрашае палітыкаў у жывы эфір. Размова ішла ня толькі пра перасьлед беларускіх СМІ, а ўвогуле пра агульную сытуацыю ў Беларусі, пра тое, якім чынам Эўропа можа зрабіць уплыў на гэтую краіну. Я лічу, што мы павінны сфармуляваць свае патрабаваньні да Менску, якія ён абавязкова павінен выканаць у тым выпадку, калі Беларусь сапраўды хоча наблізіцца да Рады Эўропы. Зь іншага боку, мы павінны спрабаваць разьвіваць усе магчымыя кантакты, каб умацаваць грамадзянскую супольнасьць унутры Беларусі».