І не памыліўся — кніга, якая перад гэтым мела ўжо два выданьні, добра разыходзіцца. “У Мальдзіса я не баюся ўкладваць грошы”, — зазначыў выдавец. Вось гэткае сучаснае прызнаньне заслугаў шаноўнага навукоўца, які празь некалькі дзён адзначыць сваё 70-годзьдзе. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з Адамам Мальдзісам у “Вольнай студыі”.
(Міхась Скобла: ) “Нашую гутарку я распачну з эпіграмы невядомага мне аўтара на вас, Адам Восіпавіч, але эпіграмы пашанлівай, як і належыць перад вашым сьвятам:
У Польшчы ён паляк,
літовец у Літве,
найбеларус у Беларусі.
Хай не пусьцее дружбы гляк,
сябрына не змаўкае ў скрусе.
А муза шэпча — не аддам,
ён і да рыфмаў-дам ня чэрствы.
У акадэміі Адам —
энцыкляпэдыя братэрства.
І сапраўды, зробленае вамі магло б скласьці цэлую энцыкляпэдыю беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх стасункаў. Што дапамагае й што перашкаджае падтрымліваць ранейшыя кантакты сёньня?”
(Мальдзіс: ) “Дапамагае тое, што ўсё больш людзей у сьвеце, не беларусаў па сваім этнічным паходжаньні, цікавяцца Беларусьсю.
Мы спазьніліся ў сваім нацыянальным разьвіцьці, у фармаваньні нацыянальнага мэнталітэту, нам пагражае зьнікненьне. І гэтае пытаньне вельмі востра ставілася на нядаўнім міжнародным сымпозіюме “Разнастайнасьць моваў і культураў у кантэксьце глябалізацыі”, які прайшоў у Менску пад эгідай ЮНЭСКА. На адкрыцьці прысутнічаў генэральны дырэктар гэтай арганізацыі спадар Мацууры, што вельмі істотна.
У рамках сымпозіюму мы — а я маю на ўвазе Міжнародную асацыяцыю беларусістаў і Беларускі ПЭН-Цэнтар — правялі свой круглы стол на тэму “Вытокі фізычнага і маральнага тэрарызму ў эпоху глябалізацыі”. Беларусь — краіна гістарычнага й клясычнага тэрарызму, пачынаючы яшчэ зь лівонскіх войнаў, войнаў 17-18 стагодзьдзяў.
А вазьміце вы паўстаньні, вынікі паўстаньняў. Гэта ўсё вынішчэньне, прымус, тэрор той самы, хоць гэтага слова тады не ўжывалі. А вазьміце вы сталінскі тэрор, тое, што рабілі зь беларускай інтэлігенцыяй. А вазьміце другую сусьветную вайну, партызанку. А вазьміце падзеі зусім нядаўнія, калі ў Беларусі бясьсьледна зьніклі людзі… Гэта ўсё павінна трывожыць нас.
Вось мы й задумаліся: а што могуць супрацьпаставіць гэтаму злу літаратура, мастацтва, навука, рэлігія, СМІ. Таму што, перш, чым чалавек накіруе самалёт у хмарачос ці пашле па пошце белы парашок, яго ж нешта павінна зламаць маральна. Нам важна высьветліць вытокі зла.
Сьвятлана Алексіевіч назвала свой вельмі цікавы даклад на сымпозіюме “Новае аблічча зла”. Тое, што адбылося ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году, адгукнулася ва ўсім сьвеце. Тэрарызм прымае глябальны характар і зьяўляецца небясьпечным для ўсіх на зямлі.
Гэта вельмі актуальна — забіць бін Лядэна кожнаму ў самім сабе. Гэта больш важна, чым зьнішчыць яго фізычна. І вось што цікава: у час круглага стала зьяўляліся маленькія бін лядэны, якія намагаліся сарваць паседжаньне.
Тры чалавекі выступалі з прыкладна падобнымі заявамі: “Адам Восіпавіч, як вам ня сорамна! Прэзыдэнт Лукашэнка й той займае толькі дзьве пасады, а ў вас іх шэсьць! Вы павінны адмовіцца ад ПЭН-Цэнтру, ад асацыяцыі беларусістаў!”
Я спачатку зьбянтэжыўся. А ўсё ж сынхронна перакладаецца — нашыя замежныя сябры слухаюць. Але потым я кажу — гэта ж грамадзкія нагрузкі, бярыце, калі хочаце, іх сабе. Бярыце і рыхтуйце штомесячнік “Кантакты й дыялёгі”. А калі ўжо быць дакладным, то ў мяне ня шэсьць, а дзесьці каля сарака грамадзкіх “пасадаў”.
Праз пэўны час я сустракаю аднаго з тых выступоўцаў каля помніка Караткевічу ў дзень яго памяці. Усе сьпяваюць “Магутны Божа” — ён маўчыць. Усе чытаюць “Ойча наш” — ён зацята маўчыць, нешта запісвае толькі. І я рашуча накіраваўся да яго й пытаю: хто заказаў ваш выступ на сымпозіюме? А ён гаворыць: “У час заняткаў Беларускага калегіюму ў вашым ПЭН-Цэнтры”. Я здагадваюся, каму гэта трэба было. Паглядзім, як будуць разгортвацца падзеі далей”.
(Скобла: ) “Аднойчы вас ужо прымусілі сысьці. Пасьля вашага звальненьня з пасады кіраўніка Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф.Скарыны аўтарытэту ў гэтай установы не пабольшала. Як вы лічыце, ці выконвае Цэнтар тую місію, дзеля якой засноўваўся больш як дзесяць гадоў таму?”
(Мальдзіс: ) “Не выконвае. Цэнтар задумваўся як Інстытут нацыі, краіны, як Усебеларускі дом. Пры ім ствараўся музэй “Беларусы ў сьвеце”, ствараўся банк інфармацыі па беларусазнаўстве — гэта вельмі важна, бо нідзе мы так не адстаем, як у сфэры інфарматыкі.
Я з болем бачу, як справы ў Цэнтры ідуць усё горш і горш. Перастаў дзейнічаць той жа банк інфармацыі, які я спрабаваў адрадзіць у ПЭН-Цэнтры. На жаль, не ўдалося. Як не ўдалося зрабіць і многае іншае. Але сёе-тое пасьпелі. Вось выдалі першую частку даведніка “Беларусы й нараджэнцы Беларусі ў памежных краінах”. На чарзе — далёкае замежжа…”
(Скобла: ) “Апошнім часам нашая краіна спрабуе пасябраваць з краінамі Блізкага Ўсходу, афрыканскімі краінамі, з Кітаем. У дзяржаўных СМІ час ад часу абвяшчаецца новы стратэгічны партнэр, да якога тысячы й тысячы кілямэтраў. Наўрад ці з гэтага партнэрства можа атрымацца ўзаемная карысьць. Ці ня тое самае ў сфэры культуры. Вось вы летась пабывалі ажно ў Японіі…”
(Мальдзіс: ) “Зь Японіяй у нас шмат агульнага! Японскія беларусісты, дарэчы, працуюць вельмі дынамічна. У Японіі выйшаў японска-беларускі й беларуска-японскі слоўнік, які зрабіў вельмі сымпатычны чалавек спадар Курода. Гэта першы слоўнік такога тыпу, складзены неславянінам!
Восеньню мы будзем праводзіць другія чытаньні, прысьвечаныя Восіпу Гашкевічу — чалавеку, які зьвязвае Беларусь зь Японіяй. Гэта выдатны вучоны, на Беларусі ён нарадзіўся, тут жа ён памёр. Я быў у горадзе Хакадатэ, дзе ён разгортваў сваю дзейнасьць, удалося нават адшукаць магілу ягонай жонкі. У выніку маёй леташняй паездкі зьявіўся “Японскі дзёньнік”, апублікаваны ў “Кантактах і дыялёгах”. А ў краінах арабскага сьвету, зь якімі мы нібыта сябруем, няма ніводнага беларусіста”.
(Скобла: ) “Вы зьяўляецеся віцэ-прэзыдэнтам яшчэ адной арганізацыі, якая наладжвае міжнародныя кантакты, — Беларускага ПЭН-Цэнтру. У некаторых дзяржаўных СМІ яго часам выстаўляюць як ворага, які займаецца ледзь не падрыўной дзейнасьцю. Чаму так?”
(Мальдзіс: ) “А я й сам ня ведаю, чаму. Відаць, ад няведаньня таго, чым займаецца ПЭН-Цэнтар. А ён займаецца найперш дзейнасьцю, скіраванай на абарону пісьменьніцкіх правоў, на пашырэньне сваёй літаратуры ў сьвеце. І гэта высакародная дзейнасьць. Тут я ня бачу разыходжаньня з інтарэсамі грамадзтва й дзяржавы.
Калісьці была такая газэта — “Славянский набат”; дык вось аднойчы на яе старонках усіх сяброў ПЭН-Цэнтру назвалі “бесами над Белой Русью”. З таго часу так і павялося.
Я імкнуся дзейнасьці ПЭН-Цэнтру надаць канкрэтны характар. Вось “Кантакты й дыялёгі” выдаем. Хочам выдаць неўзабаве кнігу “Пераклад збліжае народы” — матэрыялы чытаньняў, прысьвечаных памяці Алеся Адамовіча. Хацелася б дапамагчы тым замежным пісьменьнікам, перакладчыкам, якія пашыраюць у сьвеце беларускую літаратуру. Гэта вельмі важна!
Літаратура, культура павінны апярэджваць палітыку й эканоміку! Чаму? Чалавек, для якога Беларусь — пустэльня ў культурным пляне, ніколі ня будзе інвэставаць сюды сродкі. Мы павінныя стварыць сваёй краіне імідж высокакультурнай дзяржавы”.
(Скобла: ) “Вы блізка ведаліся з Ларысай Геніюш, Уладзімерам Караткевічам, якія сталі клясыкамі, кумірамі для маладзейшых. Прыгадайце які-небудзь цікавы эпізод зь іх жыцьця”.
(Мальдзіс: ) “Уявіце сабе Кракаў. Караткевіч упершыню за мяжой, таму што яго не пускалі, лічылі, што ён там папросіць палітычнага прытулку.
Нарэшце па прыватным запрашэньні, ініцыяваным мной, яго выпусьцілі. І вось мы дамовіліся сустрэцца зь ім каля помніка Міцкевічу. Я бачу, што ён разглядае сувэніры ў кіёску. А да мяне падбягае цыганка: давайце я вам шчасьце вываражу. Я кажу, што я ў варажбу ня веру, няхай пані вываражыць шчасьце таму сымпатычнаму маладому чалавеку ў футранай шапцы, які называецца Ўладзімерам і зьяўляецца беларускім пісьменьнікам. Для кемлівай цыганкі гэтай інфармацыі дастаткова.
Яна падходзіць да Караткевіча: “Пане Ўладзімеру, я магу сказаць, колькі пан кніжак выдасьць у наступным годзе!” А ў таго валасы дыбарам стаяць — адкуль яна яго ведае? Ён шчодра пазалаціў ёй ручку. Мы сустрэліся, і я пытаю — чаго ты такі зьбянтэжаны? “Стары, — адказвае, — адкуль кракаўскія цыганкі могуць ведаць маё імя?” Я паглядзеў на вежу Мар’яцкага касьцёла, на помнік Міцкевічу й глыбакадумна сказаў: “Слава, Валодзечка, слава, яна ўжо й да Кракава дайшла!”
(Скобла: ) “Ходзяць чуткі, што Караткевіч вывеў вас у якасьці аднаго з герояў раману “Чорны замак Альшанскі”. Гэта праўда?”
(Мальдзіс: ) “Праўда. Раней пад вокнамі маёй кватэры спыняліся вясковыя фурманкі, таму што побач быў Старажоўскі рынак. І вось аднойчы сяляне расьпівалі пад акном барышы, і я бачу, што людзі саромеюцца піць з бутэлькі. Я дастаў з буфэту чаркі й падаў ім праз адчыненае акно. А яны й мяне пачаставалі, самагонка, праўда, была добрая. А мая жонка Марыя ведала, што ў хаце няма сьпіртнога. А я выходжу сьнедаць нападпітку — жонка была дужа зьдзіўленая! Я расказаў Караткевічу, і ён потым апісаў гэтую сцэну ў рамане”.
(Скобла: ) “Я бачу ў вас на руцэ гадзіньнік зь вялікім лукашэнкаўскім гербам на цыфэрбляце. Ці не падводзіць ён вас, ці праўдзівы час паказвае?”
(Мальдзіс: ) “Спазьняецца. Мне гэты гадзіньнік падаравалі на дзень народзінаў у Карэлічах, дзе мы праводзілі чытаньні, прысьвечаныя Ігнату Дамейку. Я яго нашу, бо гэта памяць”.
(Скобла: ) “Што вы, чалавек, які займае шэсьць пасадаў, як падлічылі вашы нядобразычліўцы, і мае яшчэ сорак у выглядзе грамадзкіх нагрузак, лічыце галоўным і абавязковм для сябе на найбліжэйшы час?”
(Мальдзіс: ) “Самае важнае — закончыць тое, што засталося недапісаным. Вось вы на пачатку гутаркі прыгадалі маю кнігу “Як жылі беларусы ў 18 стагодзьдзі”. А як жылі беларусы ў стагодзьдзі 19-м? Таксама можна кнігу пісаць.
На жаль, галоўная мара майго жыцьця — “Беларускі біяграфічны слоўнік” — застаецца нязьдзейсьненай. Але я працягваю зьбіраць для яго зьвесткі, як тая вавёрка, усё цягну ў сваё “дупло”. Зьбіраю, каб перадаць тым, хто давершыць маю справу”.