ІВОНКА СУРВІЛЛА: “ЖАДАЮ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ МУЖНАСЬЦІ І ВЫТРЫВАЛАСЬЦІ”

Сяргей Навумчык, Прага

У інтэрвію нашаму радыё Івонка Сурвілла наступным чынам патлумачыла свой крок:

(Сурвілла: ) “Безумоўна, імя лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца я ведала даўно. А два тыдні таму, на зьезьдзе беларусаў Балтыі, мела нагоду яго ўпершыню пабачыць, пачуць, зь ім пазнаёміцца. І была захопленая адданасьцю гэтага маладога чалавека, ягоным патрыятызмам, ягонай любоўю да Бацькаўшчыны. Не ў турме месца такім людзям. Наш народ мусіць імі ганарыцца, іх падтрымліваць. Хачу скарыстаць з гэтае нагоды, каб пажадаць Паўлу той мужнасьці і вытрываласьці, якія дазволяць яму перажыць яшчэ і гэтае выпрабаваньне”.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выказала меркаваньне, што ўрад Канады павінен непасрэдна, а ня толькі праз мэханізмы АБСЭ, дамагацца ціску на рэжым Лукашэнкі.