ІЗРАІЛЬ ЗАКРЫЕ СВАЮ АМБАСАДУ Ў МЕНСКУ

Валер Каліноўскі, Менск

Акрамя Беларусі, ізраільскія амбасады будуць закрытыя ў Зымбабвэ, Панаме і Новай Зэляндыі. З гэтай нагоды ў Менск ўпершыню за доўгі час прыбыў ізраільскі дыплямат у рангу намесьніка міністра замежных справаў. Хаця фармальная падстава для візыту — кансультацыі паміж міністэрствамі замежных справаў дзьвюх краінаў.

Найперш высокі чыноўнік МЗС Ізраілю падкрэсьлівае, што рашэньне пра закрыцьцё амбасады ў Беларусі ня мае палітычнага падтэксту і не паўплывае на добрыя дачыненьні між краінамі. Гаворыць Давід Пэлег:

(Пэлег: ) “Што датычыць пытаньня пра закрыцьцё амбасады, то гэта праўда. Як вы ведаеце, МЗС Ізраілю з эканамічных прычынаў аб’явіў пра закрыцьцё васьмі нашых місіяў у розных частках сьвету, амбасадаў і кансулятаў. І падчас гэтага візыту я павінен патлумачыць тут нашую эканамічную сытуацыю і запэўніць урад Беларусі, што ня мае ніякага палітычнага значэньня гэтае адміністратыўнае рашэньне”.

Паводле словаў прадстаўніка МЗС Ізраілю, цяпер гэтая краіна трапіла ў вельмі кепскую эканамічную сытуацыю, скарачаюцца бюджэты ўсіх міністэрстваў, ня толькі МЗС. Давід Пэлег пакуль не паведаміў, калі канкрэтна будзе завершаная праца ізраільскай амбасады ў Менску і якім чынам пасьля гэтага беларускія грамадзяне змогуць атрымліваць візы дзяржавы Ізраіль. Гэтыя пытаньні ён мусіць яшчэ абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускага ўраду, і ў прыватнасьці зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым.

Ці можа і Беларусь ў адказ закрыць сваю амбасаду ў Ізраілі? Спадар Пэлег лічыць, што гэта справа беларускага ўраду, але ён асабіста ня бачыць прычынаў для гэткага кроку. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Павал Латушка паведаміў, што пытаньне пра закрыцьцё беларускай амбасады ў Ізраілі не разглядаецца.

Давід Пэлег нэгатыўна ацаніў нядаўнія акты вандалізму на менскіх могілках:

(Пэлег: ) “Што да вашага пытаньня пра вандалізм. На жаль, мы бачым гэта ва ўсёй Эўропе — апаганьваньне могілак і сынагогаў. Мы верым, што беларускі ўрад на падставе сваёй палітыкі зробіць патрэбныя крокі — як паліцэйскія, заканатворчыя, так і адукацыйныя дзеля барацьбы з гэтай сытуацыяй”.

У МЗС Беларусі зазначаюць, што разглядаюць Ізраіль як пэрспэктыўнага палітычнага і гандлёва-эканамічнага партнэра на Блізкім Усходзе. Аднак за мінулы год таваразварот паміж краінамі склаў усяго каля 16 мільёнаў даляраў. Беларускі экспарт у Ізраіль вымяраецца зусім нязначнай лічбай — 1 мільён 200 тысяч даляраў.