Акцыю ў падтрымку незалежных СМІ яе арганізатары прымеркавалі да 12-й гадавіны Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:
(Севярынец: ) “У гэты дзень мы вырашылі правесьці Дзень незалежнай прэсы, бо незалежная прэса — гэта бадай першае, што ўзгадваецца пры слове “незалежнасьць”, тое, што адпавядае незалежнасьці. Тая незалежная прэса, якую зараз душыць рэжым. Газэта “Пагоня” — Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, якія атрымалі тэрміны “хіміі”, газэта “Рабочы” — пад пагрозай крымінальнай справы галоўны рэдактар Віктар Івашкевіч, “Народная Воля”, у якой арыштаваныя рахункі. І ўсе іншыя газэты, якія ўціскаюць дзе эканамічна, дзе юрыдычна, дзе маральна, а ў большасьці выпадкаў па ўсіх гэтых кірунках”.
Акцыя, якую актыўна падтрымлівае Беларуская асацыяцыя журналістаў, пачнецца 27 ліпеня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску. Маладафронтаўцы плянуюць арганізаваць там ланцуг людзей з асобнікамі рэпрэсаваных газэтаў і партрэтамі журналістаў у руках.
Пасьля ўдзельнікі акцыі групамі накіруюцца да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, Міністэрства інфармацыі, пракуратуры ды іншых дзяржаўных установаў, каб перадаць чыноўнікам зварот з патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежных СМІ і забясьпечыць у краіне свабоду друку.
Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна лічыць, што правядзеньне Дня незалежнай прэсы зараз вельмі актуальнае, бо дзяржава ўзмацняе ціск на недзяржаўныя мэдыі. Гаворыць Жана Літвіна:
(Літвіна: ) “Незалежная прэса — апошні інстытут грамадзкага кантролю за дзейнасьцю ўлады. Таму гэтая ініцыятыва Маладога Фронту — падтрымаць прэсу, падтрымаць нашае існаваньне, яна вельмі каштоўная, і я выказваю сваю ўдзячнасьць”.
Арганізатары акцыі адмыслова не прасілі ў гарадзкіх уладаў дазволу на яе правядзеньне. Маладафронтаўцы лічаць, што цяперашнія ўлады ўсё роўна не дазволяць праводзіць такія мерапрыемствы ў цэнтры гораду.