Судовы працэс над былым прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Чыгіром амаль закончаны. У наступны аўторак, 23 ліпеня, будзе абвешчаны прысуд па ягонай крымінальнай справе. Чаго чакае ад суду былы прэм’ер? Ці спадзяецца пасьля ўсяго, што давялося перажыць, на справядлівасьць?
(Ірына Халіп: ) “Міхаіл Мікалаевіч, прысуд прагучыць літаральна праз тры дні, і давайце будзем лічыць, што сёньня — вашае апошняе слова. Не перад пракурорам і судзьдзём, а перад беларускім народам. Што бы вы хацелі сказаць?”
(Міхаіл Чыгір: ) “А я і пракурору сказаў, што сябе вінаватым не прызнаю, і мне ня сорамна глядзець у вочы ні пракурорам, ні судзьдзям. А вось ці змогуць яны глядзець мне ў вочы? Пракурор — дакладна ня зможа, таму што ён сказаў тое, чаго не было насамрэч. Спадзяюся, што да яго дойдзе з часам, што ён зрабіў вельмі дрэнны ўчынак, калі запатрабаваў для мяне тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады”.
(Халіп: ) “Дарэчы, што для вас значыць гэтая адтэрміноўка?”
(Чыгір: ) “Тое, што за два гады я павінен заплаціць 1 мільён 40 тысяч даляраў “Аграбанку”, яшчэ 8 тысяч — у бюджэт краіны. І калі я буду добра сябе паводзіць, то застануся на свабодзе, а калі што ня так — дык я адразу трапляю за краты”.
(Халіп: ) “Дык што, на працягу гэтых двух гадоў вы не павінныя займацца палітыкай?”
(Чыгір: ) “Дакладна так. Інакш са мной будзе лёгка разабрацца. Але гэта тое, чаго запатрабаваў пракурор. І я яшчэ ня ведаю, што скажа суд. Але асновы для абвінаваўчага прысуду няма, і што вырашыць суд — пакуль яшчэ адкрытае пытаньне”.
(Халіп: ) “Вы дагэтуль верыце ў справядлівы суд?”
(Чыгір: ) “Вы ведаеце, майму сыну вельмі не пашанцавала на судзьдзю, а вось што датычыць маёй крымінальнай справы, дык яна разглядаецца ўжо трэці раз, а прысуду дагэтуль няма. І нават калі прысуд зараз будзе абвінаваўчым, то, думаю, спатрэбіцца няшмат часу, каб ён быў зьменены. Я крымінальных учынкаў не зьдзяйсьняў. Пабачым!”
(Халіп: ) “Міхаіл Мікалаевіч, навошта ўвогуле бізнэсоўцы ідуць у палітыку? Яны ж, як паказвае наш гістарычны досьвед, самыя безабаронныя і самыя бездапаможныя...”
(Чыгір: ) “Я ня сам прыйшоў у палітыку — гэта жыцьцё мяне прымусіла. Я працаваў старшынём “Аграбанку”. Гэта быў вельмі моцны банк — напрыклад, толькі ў 1994 годзе прыбытак склаў 35 мільёнаў даляраў. На першае патрабаваньне Лукашэнкі пайсьці працаваць ва ўрад я адказаў: “Дзякуй, але ў мяне ёсьць любімая работа, і я хацеў бы застацца працаваць у банку”. А ён тады кажа: “Ага, добра ты ўладкаваўся, а як трэба папрацаваць на краіну, дык ты і ня хочаш?” Прыйшлося згадзіцца, і так я стаў старшынём ураду.
А потым ужо стаў займацца палітыкай, убачыў, што краіна ідзе ня ў тым кірунку, у якім яна, на мой погляд, павінна ісьці. І тады я пайшоў у адстаўку. І цяпер я разумею, што гэта нашая вялікая памылка — тое, што мы маем дрэнныя стасункі з Эўропай, са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, што мы не даем магчымасьці працаваць заходнім інвэстарам у Беларусі, што мы зрабілі стаўку на праваахоўчыя органы. Я думаю, што сьвядомы чалавек павінен усё гэта гаварыць адкрыта і рабіць усё, каб нашая краіна жыла па-іншаму”.
(Халіп: ) “Калі гаварыць пра памылкі, давайце ўзгадаем і вашыя асабістыя памылкі. Я іх налічваю дзьве: удзел у выбарах 1999 году і выбарах у палату прадстаўнікоў”.
(Чыгір: ) “Калі паглядзець назад, то я не магу згадзіцца з тым, што гэта былі мае памылкі. Узгадаем 1999 год: краіна была тады на мяжы прызнаньня Захадам, і я гэта добра ведаў. Меркаваньне Захаду было такое: так, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў скончыўся, але калі нічога не адбудзецца ў краіне, калі ўсё будзе ціха і спакойна, то мы вымушаныя будзем прызнаць Беларусь як сувэрэнную дэмакратычную дзяржаву.
Менавіта таму так дзейнічалі Шарэцкі й Ганчар — яны таксама пра гэта добра ведалі. А што датычыць выбараў у парлямэнт, дык я лічу, што памылкай было рашэньне іншых палітычных сілаў ня ўдзельнічаць у выбарах. Таму што ўдзел у выбарах — гэта сустрэчы з насельніцтвам, гэта магчымасьць займацца прапагандай сваіх поглядаў.
І нават калі будуць наступныя выбары, і мы будзем ведаць, што ніякіх зьменаў няма, і засталіся тыя ж выбарчыя камісіі, і ёсьць ужо сьпіс тых, кто будзе абраны, зацьверджаны кіраўніцтвам краіны, — усё роўна апазыцыя мусіць удзельнічаць, сустракацца зь людзьмі, інакш будучыні ніякай ня будзе”.
(Халіп: ) “Але на тых выбарах уся апазыцыя згадзілася байкатаваць іх, нават партыя Статкевіча”.
(Чыгір: ) “Не, Статкевіч удзельнічаў у выбарах. Але ж гэта зусім няважна — хто там удзельнічаў, хто ня ўдзельнічаў. У кожнага свае погляды і свае падыходы. А то цяпер, калі даходзіць да спрэчак, адразу пачынаецца: а вось ты ўдзельнічаў, а я ня ўдзельнічаў! Ніякай розьніцы няма, проста ўсе павінны ўсьведамляць, што сытуацыю ў краіне трэба зьмяніць, і якія прыёмы хто прымяняе — гэта асабістая справа кожнага. Галоўнае — працаваць на агульную будучыню”.
(Халіп: ) “Калі пачаліся ўсе гэтыя крымінальныя справы, чаму вы не захацелі скарыстаць тыя крамлёўскія сувязі, якія вы набылі падчас працы на пасадзе прэм’ер-міністра?”
(Чыгір: ) “Вядома ж, я мог атрымаць грамадзянства Расеі пасьля сыходу ў адстаўку. Я вельмі часта сустракаўся з Чарнамырдзіным, у нас былі добрыя адносіны. Але я абраў такі шлях: быць тут. Я добра ведаў, што калі я ніякіх крымінальных учынкаў не зьдзяйсьняў, то са мной нічога ня змогуць зрабіць. Ну арыштуюць, ну правераць і ўпэўняцца, што ўсё ў парадку. Але ня так! У нашай краіне ўсё наадварот. Вось у гэтым і была мая памылка”.
(Халіп: ) “Калісьці я пра вас напісала “наіўны Чыгір...” Вы што, і цяпер верыце?..”
(Чыгір: ) “А вось цяпер веры няма — пасьля таго, што здарылася з маім сынам. І цяпер я ведаю, што судзьдзі не заўсёды вытрымліваюць ціск і могуць вынесьці любы прысуд любому невінаватаму чалавеку”.
(Халіп: ) “Ваш сын быў арыштаваны падчас выбарчай кампаніі. Вас не спрабавалі шантажаваць — маўляў, здымі кандыдатуру, а мы сына вызвалім?”
(Чыгір: ) “Пасьля таго, як арышт адбыўся, усе перамовы сталі немагчымымі. Але пагроза была, яшчэ раней. Мне сказалі: “Не займайся палітыкай, інакш будуць сур’ёзныя наступствы”. Я не хачу называць імёны тых, хто гэтую пагрозу перадаваў і ад каго яна зыходзіла. Але гэта было. Скончылася сынам”.
(Халіп: ) “Вы два гады працавалі з Лукашэнкам. Ці ёсьць хто-небудзь, хто здольны ўплываць на яго?”
(Чыгір: ) “Я адпрацаваў нават два з паловай года. Вядома ж, гэта было вельмі цяжка. Але я павінен сказаць: калі паводзіць сябе з Лукашэнкам жорстка, калі жорстка ставіць пытаньне — ці робім так, ці я не працую, ці будуць нэгатыўныя наступствы, то яго можэна было пераканаць.
І, напрыклад, мы з Багданкевічам праводзілі менавіта тую палітыку, якая была патрэбная краіне: атрымалі крэдыты МВФ, да нас пайшлі інвэстары, прыйшоў “Форд”, павінен быў прыйсьці “Філіпс”. Такім чынам, пачыналася ўсё нядрэнна. І мы з Багданкевічам маглі адстаяць сваю пазыцыю ў найважнейшых фінансавых пытаньнях. А сёньня ў атачэньні Лукашэнкі няма такіх людзей, якія б цьвёрда стаялі на сваіх пазыцыях і патрабавалі рабіць тое, што патрэбна краіне і што яны могуць рабіць”.
(Халіп: ) “У турме ці ў чаканьні суду знаходзяцца Калугін, Лявонаў, Казека, Рахманько... Усе — гучныя імёны, усе — прафэсіяналы. Чаму яны не маглі злучыцца, стварыць штосьці накшталт партыі ці клюбу і абараняць адзін аднаго?”
(Чыгір: ) “Гэта страшэнная беларуская хвароба: мяне ня тычыцца, мяне не цікавіць, мая хата з краю, я нічога ня ведаю і са мной нічога ня здарыцца. Вось я добра ведаю Калугіна — ён вельмі сумленны чалавек. Вось чаму б, калі яго арыштавалі, не сабрацца дырэктарам — няхай чалавек 10–15, і не пайсьці да прэзыдэнта і не сказаць яму: “Аляксандар Рыгоравіч, Калугін сумленны чалавек, і гэтая гісторыя сьмеху вартая. Ну і што, калі ён купіў гэтае сусальнае золтата і прадаў яго царкве? Гэта не абвінавачаньне!” Але маўчаць... Гэта нацыянальная беларуская хвароба, яна не садзейнічае разьвіцьцю краіны, але так ёсьць”.
(Халіп: ) “А што сёньня можа садзейнічаць разьвіцьцю краіны?”
(Чыгір: ) “Дэмакратыя. Мы знаходзімся на буйным скрыжаваньні. Вось сам Лукашэнка сказаў: празь Беларусь пройдзе газапровад — з Расеі ў Эўропу, і мы атрымаем ад гэтага 2 мільярды даляраў. І што зараз? Эўрапейцы кажуць: не, празь Беларусь нельга, там рэжым небясьпечны, давайце лепш пракладзем праз Украіну. І ўсё — падпісалі дакумэнты. Страты для Беларусі калясальныя. Таму трэба выйсьці з ізаляцыі і зарабляць для краіны грошы на гэтым скрыжаваньні гандлёвых шляхоў”.
(Халіп: ) “А якой вы бачыце сваю асабістую будучыню?”
(Чыгір: ) “Я ўжо сказаў: я не хачу быць прэзыдэнтам, і для мяне ня так ужо і важна, хто будзе прэзыдэнтам. Я хачу, каб тут сытуацыя была нармальная, каб сумленны чалавек мог спакойна працаваць, каб дзеці нашыя маглі працаваць тут. Але няхай гэта будзе нармальны чалавек! У каго будзе больш шанцаў — на таго я і буду працаваць”.
(Халіп: ) “У студыі быў Міхаіл Чыгір — былы прэм’ер-міністар, былы бізнэсовец, былы зэк, былы кандыдат у прэзыдэнты. Цікава, які з гэтых заняткаў пераважыць у будучыні?”