Век так ня будзе — гэтыя словы наўздагон Надзеі Дземідовіч крыкнула маці, калі энкавэдысты заштурхоўвалі 20-гадовую дзяўчыну ў варанок, каб адправіць у сыбірскія лягеры ў 1950 годзе. Надзея памятала тыя словы ўсе шэсьць гадоў зьняволеньня. Яны дапамаглі выжыць падчас задушанага ў крыві паўстаньня вязьняў у Кінгірскім лягеры, яны й па сёньня застаюцца актуальнымі. Таму словы “Век так ня будзе” сталіся назвай кнігі. Гаворыць Надзея Дземідовіч:
(Дземідовіч: ) “Я хачу, каб людзі пачулі, якія ў нас былі жахі падчас гэтага жыцьця савецкага, і за што нас гналі ў тую Сыбір, і за што нас зьнішчалі. Яна для таго патрэбная, каб нашае маладое пакаленьне не хацела далучацца да Расеі, каб ведалі, што нас чакае там”.
Адзін з разьдзелаў выданьня — “Радкі з-пад сэрца” — складаюць вершы аўтаркі, кніга мае шмат фотаздымкаў. Ідэі незалежнасьці, нацыянальнай годнасьці беларусаў спадарыня Надзея паказала празь лёс сваёй сям’і, дзе бацькі й двое дарослых дзяцей былі рэпрэсаваныя, а малодшыя сталіся дзьцьмі ворагаў народу, зьведаўшы нястачу й голад. Такой кнігі ў Беларусі яшчэ не было, — кажа адказная за выпуск Алена Арэшка.
(Арэшка: ) “Гэта запіс простай беларускай жанчыны, якая востра адчувала несправядлівасьць таго жыцьця, наколькі яно было жорсткім. Гэта стогн душы, і такой кнігі ў нас яшчэ не надрукавана. Ёсьць, канечне, кнігі прафэсійных аўтараў. Але з гушчы жыцьця нашага беларускага — такой кнігі яшчэ не было”.
Да шырокага кола чытачоў кніга “Век так ня будзе” наўрад ці дойдзе, бо выходзіць за асабістыя грошы спадарыні Надзеі й мае наклад усяго 350 асобнікаў. А па-другое — нават гэтую колькасьць бывае цяжка распаўсюдзіць, бо дзяржаўныя крамы такія выданьні прадаваць баяцца. Cумны досьвед гэтага мае грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыюш”, якое вывучае гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі. Гаворыць каардынатар праектаў Вацлаў Арэшка:
(Арэшка: ) “Такія кнігі шырокай дарогі ня маюць. Многія крамы пыталіся, ці ёсьць дазвол на продаж такіх кніг, хоць яны былі абсалютна законна аформленыя. Не змагу пералічыць усіх, але “Слоўнік дэмакратычнай апазыцыі” ў продаж ня трапіў, бо яго ніхто не хацеў браць”.
Але век так ня будзе, — перакананая Надзея Дземідовіч, якая намерваецца напісаць працяг сваіх успамінаў. Гэткага ж меркаваньня трымаюцца і ў “Дыярыюшы” ды рыхтуюць другі том кнігі “Індэкс рэпрэсаваных Беларусі” — пра забітых у падмаскоўных лягерах беларусаў.