ЛЕАНІДА КОЗІКА ЦІКАВЯЦЬ ПРАФСАЮЗНЫЯ ГРОШЫ

Міхал Стэльмак, Менск

Леанід Козік у кабінэце старшыні Фэдэрацыі праводзіў сустрэчы з супрацоўнікамі. Вось што паведаміў на гэты конт кіраўнік арганізацыйнага аддзелу Анатоль Лявіцкі:

(Лявіцкі: ) “Гэта рабочыя сустрэчы са спэцыялістамі. Трэба высьветліць усё. Гэта ў парадку азнаямленьня са справамі. Са спэцыялістамі чалавек сустракаецца, праводзіць нарады. Спэцыялісты распавядаюць, тлумачаць. Гэта падрыхтоўчая праца”.

Паводле зьвестак асобаў, што сустракаліся сёньня зь Леанідам Козікам, ягоную цікавасьць найперш выклікае сфэра фінансавай дзейнасьці Фэдэрацыі. Як стала вядома, новы старшыня запатрабаваў зьвесткі і пра дзейнасьць галіновых прафсаюзаў. У прыватнасьці, яго цікавяць штаты апаратаў галіновых прафсаюзаў, склад кіроўных органаў. Як паведамілі мне ў прафсаюзе аўтасельгасмашу, тут ініцыятыва Козіка была праігнараваная — на той падставе, што галіновыя прафсаюзы — самастойныя, яны ня маюць вэртыкальнага падпарадкаваньня Фэдэрацыі.

У асяродку прафсаюзных функцыянэраў цяпер пануе атмасфэра чаканьня. Пакуль што Козік нікога ня звольніў, але і не абнадзеіў захаваньнем працоўных месцаў. Таму большасьць супрацоўнікаў Фэдэрацыі, якія ў свой час былі паплечнікамі Ўладзімера Ганчарыка і Франца Вітка, цяпер чакаюць вырашэньня свайго лёсу.

Хто сёньня весяліўся, дык гэта калектыў газэты “Беларускі час”. Супрацоўнікі прафсаюзнага выданьня на чале з галоўным рэдактарам Аляксандрам Старыкевічам адзначылі зьмены ў кіраўніцтве Фэдэрацыі карнавальнай вопраткай. Напрыклад, карэспандэнт Сяргей Бабко прыйшоў на працу ў форме міліцыянта. Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

(Бабко: ) “Я служыў у міліцыі. У 2000 годзе мая служба скончылася. Я звольніўся і пакуль працую ў газэце “Беларускі час”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму менавіта сёньня ты апрануў форму?”

(Бабко: ) “Ёсьць такое паняцьце гонару. Усе добра разумеюць тое, што адбываецца і ў нас у дзяржаве, і ў гэтым будынку. Я афіцэр і гонар маю!”, — зазначыў Сяргей Бабко.

Сёньня журналісты “Беларускага часу” завершылі падрыхтоўку апошняга нумара штотыднёвіка яшчэ бяз усялякай цэнзуры. Ці будзе так і надалей, яны ня ведаюць.