ЖОНКА ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА ШКАДУЕ, ШТО РАШЭНЬНЕ ВЯРХОЎНАГА СУДУ ЗАСТАЛОСЯ РАНЕЙШЫМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонка зьніклага два гады таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана выказала расчараваньне рашэньнем калегіі Вярхоўнага суду Беларусі пакінуць бязь зьменаў прысуд спэцназаўцу Ігнатовічу і ягоным саўдзельнікам Маліку, Гузу і Савушкіну.

Сьвятлана Завадзкая, якая толькі сёньня вярнулася з Варшавы, заявіла Радыё Свабода: “Гэтае рашэньне не спрыяе пошукам майго мужа і зьніклых апазыцыянэраў”.

На маю просьбу Сьвятлана пракамэнтавала таксама ўчорашнія заявы свайго былога адваката Ігара Аксёнчыка пра датычнасьць Паўла Шарамета да зьяўленьня інтэрвію Зьмітра Завадзкага, якое нібыта стала прычынай ягонага выкраданьня. Сьвятлана Завадзкая адкінула гэтую вэрсію і выказала сваё меркаваньне пра прычыны яе зьяўленьня менавіта зараз:

(Завадзкая: ) “Ня ведаю інтарэсаў Аксёнчыка, мне цяжка пра іх меркаваць, але, на мой погляд, яны безумоўна разыходзяцца з інтарэсамі маёй сям’і. Я даўно не разумею ягонай пазыцыі і таму яшчэ перад пачаткам судовага працэсу адмовілася ад ягоных паслугаў як адваката. Проста не давяраю гэтаму чалавеку.

Цяпер паводле яго атрымліваецца, што Ігнатовіч толькі памыліўся, каму адпомсьціць — майму мужу ці Шарамету, а ва ўсім іншым усё адпавядае вэрсіі, якую прапанавала пракуратура і пацьвердзіў суд — што ён галоўны замоўшчык і выкрадальнік Дзімы, а ўлады ні пры чым. Мяркую, нездарма Аксёнчык гэта агалосіў зараз, калі паўстала пытаньне пра стварэньне міжнароднай камісіі ў расьсьледаваньні справаў зьніклых”.

Сьвятлана Завадзкая падзялілася зьвесткамі, паводле якіх нядаўна Аксёнчык спрабаваў дамовіцца пра свай статус у выпадку ўцёкаў за мяжу, але гарантыяў не атрымаў.

(Завадзкая: ) “Магчыма, сваімі гучнымі заявамі ён зноў спрабуе стварыць умовы, каб зьехаць”.

Яна таксама выказала меркаваньне, што насуперак цьверджаньню Аксёнчыка Павал Шарамет ня меў дачыненьня да інтэрвію яе мужа пра Чачэнію.

Гэта сьцьвярджае і Сьвятлана Калінкіна, рэдактарка “Белорусской деловой газеты”, дзе было надрукаванае інтэрвію з Завадзкім, з-за якога нібыта Ігнатовіч адпомсьціў Завадзкаму. Сьвятлана Калінкіна згадвае:

(Калінкіна: ) “Гэта была першая камандзіроўка Завадзкага ў Чачэнію і, здаецца, першая камандзіроўка беларускага журналіста ў Чачэнію. І калі Дзіма адтуль вярнуўся, ён распавядаў пры сустрэчах пра тое, што бачыў. Гэтак аднойчы ён распавёў, што, паводле прэсавай службы расейскіх войскаў у Чачэніі, там быў затрыманы афіцэр беларускага “Алмазу”. Я спыталася, ці можна, каб ён пра гэта распавёў у інтэрвію карэспандэнту нашай газэты Шапрану, і ён пагадзіўся. Вось так на самой справе нарадзілася гэтая публікацыя пра тое, што Завадзкі бачыў у Чачэніі”.

Такім чынам, Сьвятлана Калінкіна сьцьвярджае, што Павал Шарамет ня мае да публікацыі ніякага дачыненьня, тым больш што тады ён ужо не працаваў у газэце і ў той час яго не было ў Менску. Навошта Ігару Аксёнчыку спатрэбілася сьцьвярджаць адваротнае, рэдактарка “Белорусской деловой газеты” патлумачыць не бярэцца. Паводле яе, гэта “вельмі дзіўная заява”.

Адшукаць Паўла Шарамета, каб атрымаць ягоны камэнтар, мне не ўдалося. Шарамет у камандзіроўцы ў Абхазіі, і ягоны мабільны тэлефон не адказвае.