ЛЕАНІД КОЗІК ВЫСТУПАЕ ЗА АБ’ЯДНАНЬНЕ ЎСІХ БЕЛАРУСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ

Міхал Стэльмак, Менск

Паводле словаў Леаніда Козіка, ён будзе настойваць, каб большая частка прафсаюзных складак заставалася ў першасных прафсаюзных структурах. І толькі пасьля гэтага, падкрэсьліў Козік, ён будзе ініцыяваць пытаньне пра вяртаньне прафсаюзам ранейшага мэханізму — безнаяўнага пералічэньня складак.

Што да дачыненьняў з дэмакратычнымі прафсаюзамі, то Леанід Козік выказаўся за поўнае аб’яднаньне ўсіх існых у краіне прафсаюзаў. Пры гэтым ён не патлумачыў, якім чынам і на якіх умовах адбудзецца аб’яднаньне прафсаюзаў, што ўваходзяць у Фэдэрацыю, і тых, што ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Яшчэ адно пытаньне нашага радыё тычылася наступных дачыненьняў Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай з Фэдэрацыяй незалежных прафсаюзаў Расеі, якую ўзначальвае Міхаіл Шмакаў. Спадар Шмакаў нэгатыўна ставіўся да антыпрафсаюзнай палітыкі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Як зазначыў Леанід Козік, ён добра ведае спадара Шмакава, а таму спадзяецца на канструктыўнае супрацоўніцтва. Пры гэтым ён дадаў, што з расейскімі прафсаюзамі ён правядзе перамовы наконт уласнасьці былых савецкіх прафсаюзаў — арганізацыі, якая колісь называлася ВЦСПС. Як вынікае са словаў Козіка, ён мае сумнеў наконт справядлівасьці падзелу гэтай уласнасьці пасьля распаду СССР.