НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Карш здымаў самых вядомых людзей свайго часу. Сярод ягоных працаў – здымкі дванаццаці амэрыканскіх прэзыдэнтаў, выбітных людзей мастацтва, навукі, палітыкі. У калекцыі фотаздымкаў Карша – партрэты Мікіты Хрушчова і маладога Фідэля Кастра, Одры Хэпбёрн і Брыжыт Бардо. Карш падкрэсьліваў, што ягоная цікавасьць да чалавечай асобы бязьмежная, але асаблівае задавальненьне выклікае перадача ў фотапартрэце сапраўднай велічы чалавека.

ЯРДАНІЯ. У ярданскім порце Акаба, разьмешчаным на Красным моры, знойдзеная самая старажытная хрысціянская царква ў сьвеце. Адкрыцьцё зрабіла сумесная амэрыканска-канадзка-эўрапейская экспэдыцыя, якая вяла раскопкі ў пошуках сьцяны старажытнай Акабы – бізантыйскага гораду, гістарычная назва якога – Іле. У часе раскопкаў за сьцяною старажытнага гораду выяўленыя руіны царквы, плошча якой прыкладна 416 квадратных мэтраў, а вышыня ад трох да пяці мэтраў. Адмыслоўцы лічаць, што яна была пабудаваная ў 300 годзе нашай эры. У той гістарычны пэрыяд хрысьціяне, якіх жорстка перасьледавала Рымская імпэрыя, былі вымушаныя будаваць прыхаваныя храмы.

ЮГАСЛАВІЯ. У горадзе Нові Сад, на поўначы Сэрбіі, адбываецца музычны фэстываль “Экзыт”, у якім бяруць удзел сотні тысячаў чалавек. Арганізатары гэтага мерапрыемства спадзяюцца, што яно дапаможа аб’яднаць народы былой Югаславіі. На фэстываль, які будзе доўжыцца дзевяць дзён, прыехалі музыкі з усіх краінаў рэгіёну. Фэстываль “Экзыт” у свой час быў арганізаваны актывістамі студэнцкага руху “Адпор”, які выступаў супраць рэжыму былога прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Нават пасьля арышту дыктатара фэстываль мае палітычную афарбоўку. Зараз ягоныя ўдзельнікі выступаюць за большую адчыненасьць краінаў былой Югаславіі Захаду і за дасягненьня моладзьдзю большай свабоды.

РАСЕЯ. У суботу ў Пярмі ва ўласнай кватэры знойдзены мёртвым вядомы расейскі балетмайстар Яўген Панфілаў. Яму было нанесена нажом шмат ранаў. Паводле міліцыі, забойства адбылося з мэтай абрабаваньня. Яўген Панфілаў, які працаваў у стылі гэтак званага вольнага танцу, – пераможца шэрагу прэстыжных міжнародных фэстываляў сучаснай харэаграфіі. Сярод ягоных узнагародаў і прыз Марыса Бэжара. На радзіме, у Расеі, афіцыйнае прызнаньне атрымаў толькі амаль пасьля дваццацігадовай працы. У 2000 годзе ягоны прыватны тэатар “Балет Яўгена Панфілава” атрымаў статус дзяржаўнага. Мастацтва Панфілава добра вядомае беларускім балетаманам дзякуючы ягонаму ўдзелу ў віцебскіх фэстах сучаснага танцу.

ІНДЫЯ. Вядомым акторам і прадусарам Балівуду – індыйскай “фабрыкі мараў” – пагражае мафія. Кіраўнікі мафіёзных груповак патрабуюць ад актораў выплаты буйных сумаў грошай, а ў выпадку адмовы пагражаюць сьмерцю. Так, мінулым тыднем у Бамбэі адбыўся замах на жыцьцё прадусара і рэжысэра Лорэнса Д’Соўзу. Рэжысэр не пацярпеў, але паліцыя мяркуе, што выканаўцы заданьня сьвядома прамахнуліся – гэта было яму папярэджаньнем, каб выплаціў патрабаваныя грошы. Паліцыя прызначыла целаахоўнікаўнікаў усім тым зоркам індыйскага кіно, да якіх ужо зьвярталіся вымагальнікі.