У прафсаюзным асяродку сёння актыўна абмяркоўвалі падзеі мінулай пятніцы, зьвязаныя са згодай прэзыдыюму Фэдэрацыі рэкамэндаваць на пасаду новага лідэра прафсаюзаў Леаніда Козіка. Гаворыць намесьнік старшыні прафкаму Менскага падшыпнікавага заводу Мікалай Кузьмін:
(Кузьмін: ) “Кепска, калі перамены ідуць зьверху. Кепска таму, што ў дэмакратычнай арганізацыі перамены адбываюцца недэмакратычным чынам. Я чакаю, што гэта пацягне і іншыя перамены. Узмоцніцца ціск зьверху. На маю думку, варта чакаць усталяваньня больш жорсткай схемы дачыненьняў Фэдэрацыі і прафкамаў. Я мяркую, што гэта будзе своеасаблівая вэртыкаль”.
Падобнага меркаваньня прытрымліваецца і старшыня прафсаюзнага камітэту Жодзінскага заводу цяжкіх кавальскіх штамповак Уладзімер Волкаў:
(Волкаў: ) “Я лічу, што працэс, які цяпер ідзе, ненармальны. Ёсьць прафсаюзны статут, ёсьць закон пра прафсаюзы. Напачатку спрабавалі пахаваць прафсаюзы шляхам забароны безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных складак. Але нічога ня выйшла. Значыцца, ідзе другая хваля — задушыць. Што тычыцца Козіка, то я яго ня ведаю. Я зь ім не размаўляў, але зразумела, што ён будзе служыць сыстэме”.
У прафсаюзный арганізацыі Менскага акцыянэрнага таварыства “Мэдпрэпараты” сёньня таксама ішлі актыўныя дыскусіі наконт ініцыятывы ўладаў паставіць на чале Фэдэрацыі аднаго з прадстаўнікоў найбліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі. Вось што зазначыла на гэты конт прафсаюзная лідэрка “Мэдпрэпаратаў” Алена Вашкевіч:
(Вашкевіч: ) “Парушаныя ўсе прынцыпы прафсаюзнага руху, і страчаная ўся вера. Я лічу, што ў многіх нармалёвых старшыняў прафкамаў зараз згубленае тое, на што мы абапіраліся. Калі шчыра, то няма жаданьня працаваць далей у прафсаюзе. Бо з намі ніхто ня раіўся. Нас проста паставілі перад брудным і непрыстойным фактам. Сёньня вось слухаеш папрокі людзей і адчуваеш сваю віну, хаця да гэтага і ня маеш, здавалася б, ніякага дачыненьня. Ідуць шараговыя людзі і кажуць: “Ну што, здалі!” Гэта брыдка, непрыемна і гідка”.