НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ БНФ ЮРЫ ХАДЫКА ПЯТЫЯ СУТКІ ЎТРЫМЛІВАЕЦЦА Ў МЕНСКІМ СПЭЦПРЫЁМНІКУ

Любоў Лунёва, Менск

Мы зьвярнуліся да начальніка спэцпрыёмніка Алега Палутава:

(Палутаў: ) “Нармальна ў камэры. Вэнтыляцыя ўключаецца. Націскаюць адну кнопку — і па ўсім будынку йдзе паветра. Я размаўляў з Хадыкам і зь ягонай жонкай. Ён ня мае да нас ніякіх прэтэнзіяў, ні на што ня скардзіцца. Ён атрымлівае ежу тры разы на дзень, як і астатнія арыштаваныя. Канечне, тут не аздараўленчы курорт, але што ж зробіш? Душ раз на тыдзень гарантаваны. На шпацыр яго выводзяць. Ён працуе ў нас. Дзе? Не магу вам казаць пра гэта. Для мяне гэта службовая таямніца. Робіцца ўсё, што трэба, а што яму патрэбна, ён атрымлівае”.

Юрыя Хадыку затрымалі позна ўвечары ў мінулую пятніцу, за тры дні да сканчэньня тэрміну выкананьня пакараньня. Намесьнік старшыні БНФ паводле судовага прысуду 10 сутак арышту павінен правесьці ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці па вуліцах Горадні на Дзень Волі 25 сакавіка.

Юрыя Хадыку судзілі ў Горадні, куды ён прыехаў на суд над журналістамі “Пагоні”. Судзьдзя дазволіў прафэсару зьехаць дадому, а 10 сутак арышту адседзець у Менску. 9 ліпеня скончыўся б тэрмін выкананьня пакараньня.

Прафэсар Хадыка працуе ў Інстытуце фізыкі Акадэміі навук. Цяпер у яго чарговы адпачынак, і дзесяць сутак адпачынку ён правядзе ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку.

Летась Юры Хадыка амаль год правёў у шпіталі. Ён перанёс цяжкую апэрацыю. Сваякі баяцца, што арышт адаб’ецца на ягоным здароўі. Сёньня жонка Юрыя Хадыкі Валянціна Зімніцкая з сынам адвезьлі харчовую перадачу на вуліцу Акрэсьціна, каб неяк падтрымаць мужа й бацьку.