НА СЭСІІ ПА АБСЭ АДБЫЎСЯ КРУГЛЫ СТОЛ З УДЗЕЛАМ ПРАДСТАЎНІКОЎ УЛАДАЎ БЕЛАРУСІ І АПАЗЫЦЫІ

Вольга Караткевіч, Бэрлін

Былі прадстаўнікі літоўскай дэлегацыі, шмат было прадстаўнікоў латыскай дэлегацыі, расейскай дэлегацыі. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ангельскай дэлегацыі, які прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ – Брус Джонс. Ён сядзеў разам з Тэры Дэвісам – Тэры Дэвіс у свой час уваходзіў у так званую парлямэнцкую тройку па працы зь Беларусьсю – Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту.

Асноўная дыскусія адбывалася наконт таго, ці варта прызнаваць нацыянальны сход як прадстаўніка Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Мушу сказаць, што аргумэнты абодвух бакоў былі даволі расплывістымі, неканкрэтнымі. У асноўным дыскусія праходзіла ў форме ўзаемных абвінавачаньняў: нацыянальны сход гаварыў, што беларуская апазыцыя мае толькі дэструктыўную пазыцыю, а прадстаўнікі Вярхоўнага Савету – я маю на ўвазе Анатоля Лябедзьку – гаварылі пра тое, што нацыянальны сход ніякім чынам не праявіўся як парлямэнт, не арганізаваў ніводных прынцыповых слуханьняў па тых праблемах, якія ўзгадваюцца на то жа Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ – маюцца на ўвазе праблема зьніклых у Беларусі людзей, праблема сродкаў масавай інфармацыі і гэтак далей.

Падымалася пытаньне ўдзелу і магчымасьці апазыцыі аб’яднацца на наступных мясцовых выбарах. Гэта вельмі хвалюе прадстаўнікоў Эўропы, яны гавораць, што вось тут якраз эўрапейскія парлямэнтары і інстытуцыі могуць паспрыяць таму, каб беларуская апазыцыя патрапіла ў нейкі рэальны палітычны кантэкст.

Вельмі эмацыйным, як заўсёды, быў выступ Уладзімера Канаплёва. Ён сказаў, што напачатку ня ведаў, ці яму варта прыходзіць на гэтае паседжаньне, адрынаў усе абвінавачаньні і ўсе характарыстыкі, кшталту той, што ў Беларусі існуе дыктатура, і нават сказаў: “Я сам не дыктатар і дыктатарам ніколі быць не зьбіраюся. Тыя прадстаўнікі, зь якімі я гутарыла – гэта Ганс-Георг Вік, іншыя – гаварылі, што вельмі эмацыйныя былі выступы абедзьвюх беларускіх дэлегацыяў. Вынік гэтага круглага стала наступны: ён, відаць, будзе задакумэнтаваны, і магчыма, гэты вынік будзе ўлічаны на зімовым паседжаньні Сталага камітэту, калі зноў узьнікне пытаньне прадстаўніцтва нацыянальнага сходу.