<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

Ул. інф.

“Па-за тактам”: Паўлітра музыкі. 6 ліпеня

Чарговае выданьне праграмы “Па-за тактам” прысьвечанае канцэптуальнаму альбому “Крамбамбуля”.

Ці можа зьяўляцца сьцёб асноватворным праёмам у дачыненьні да супольнага музычнага праекту кшталту “Крамбамбулі”? Якая ідэя была пакладзеная ў аснову альбому, што атрымаў падзагаловак “Паўлітра добрага настрою” і чаму беларуская музыка павінна каштаваць больш за пірацкія запісы? Пра гэта ў чарговым выданьні праграмы “Па-за тактам” ідзе гаворка з музыкантамі Сяргеем Канановічам і Лявонам Вольскім. Вядзе гутарку Зьміцер Падбярэскі.


“Галерэя “Свабоды”. 6 ліпеня

Тэма чарговай перадачы ў нашай “Галерэі “Свабоды” – пэрфоманс, адзін з самых маладых жанраў беларускага мастацтва. Нарадзіўшыся на Захадзе ў 1960-я гады, ён зьявіўся ў Беларусі напярэдадні “перастройкі”. А сёньня пэрфоманс стаў адной з самых яркіх формаў палітычнага пратэсту мастакоў. У перадачы Сяргея Харэўскага гэтым разам бяруць удзел мастацтвазнаўца Яўген Шунэйка, а таксама творцы-пэрформэры: сьпявак і музыка Лявон Вольскі, літаратар і мастак Зьміцер Вішнёў.


“Здароўе”. 6 ліпеня

Многія зь дзяцінства памятаюць, што неаднойчы за розныя свавольствы і правіны, бацькі іх лупцавалі. Пераважна, у старэйшым узросьце ніхто за гэта на бацькоў не крыўдуе, лічыць, што бацькі мелі рацыю, і гэткім чынам самі выхоўваюць сваіх дзяцей. Аднак навукоўцы прыйшлі да высновы, што хаця дысцыпліна неабходная, аднак цялеснае пакараньне небясьпечнае для псыхікі дзяцей; яно можа зрабціць іх больш агрэсіўнымі і законанепаслухмянымі ў далейшым жыцьці. Гэтаму, а таксама таму, што творчая, хаця і поўная стрэсу праца карысьней уплывае на працягласьць жыцьця, чым праца рутынная і пасіўная, прысьвечаная чарговая перадача сэрыі “Жывіце доўга – новыя сакрэты доўгажыхарства”.


"Вольная студыя". 7 ліпеня

Пачынаючы з 1921 году, Янка Купала знаходзіўся пад хатнім арыштам. Ягоны архіў быў сканфіскаваны і перапраўлены ў ГПУ. Старшыня аргкамітэту па стварэньні Саюзу пісьменьнікаў М. Клімковіч у закрытых данясеньнях у ЦК КПБ даводзіў, што "Купала – ня наш". Адзіная магчымасьць у народнага песьняра вырвацца з лапаў савецкіх спэцслужбаў была ў 1935 годзе, калі ён па асабістым распараджэньні Сталіна быў уключаны ў пісьменьніцкую дэлегацыю, якая выяжджала ў Чэхаславакію. Што праўда, за Купалам там сачылі два супрацоўнікі спэцслужбаў, яны нават спалі з паэтам у адным пакоі, а Купалава сям'я ў Беларусі была ператвораная ў закладнікаў... Пра невядомыя старонкі з жыцьця Янкі Купалы слухайце ў нядзельнай перадачы "Вольная студыя" – у гутарцы Міхася Скоблы з гісторыкам Віталём Скалабанам.


“ Вострая брама”. 7 ліпеня

Нельга сказаць, каб за гады незалежнае Беларусі цікавасьць да асобы і творчасьці Янкі Купалы павялічылася. Хутчэй наадварот. Прызнаны за савецкім часам прарок адраджэньня і народны паэт нумар адзін сёньня не ўспрымаецца гэтак адназначна, бо колішнія найвышэйшыя адзнакі страцілі сваю вагу. Аднак жа і пераацэнкі каштоўнасьцяў у гэтай справе пакуль не адбылося. Кім ёсьць для нас Янка Купала сёньня і кім ён стане заўтра? Адказу на гэтыя пытаньні і прысьвечаная новая перадача "Вострая брама".

“Нядзельны круглы стол”. 7 ліпеня

Што такое глябалізацыя і калі яна ўзьнікла на абшарах Беларусі? Чым пагражаюць ейныя наступствы для нацыянальнай мовы, культуры і этнасу і ці мусяць беларускія літаратары ісьці ў палітыку, каб адвесьці гэтую пагрозу?

Пра гэта за нашым нядзельным круглым сталом разважаюць літаратуразнаўца і паэт, аўтар раману пра Слуцкі збройны чын Алесь Пашкевіч і гісторык і грамадзкі дзеяч, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Праграму падрыхтавала Валянціна Аксак.