Цягам двух дзён айчынныя й замежныя навукоўцы вызначалі ролю клясыка беларускай літаратуры ў эўрапейскім літаратурным працэсе. Дзеля гэтага ў Менск прыехалі купалазнаўцы з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расеі, Польшчы, Літвы, Украіны. Што ёсьць мэтай гэтай супольнай працы, у інтэрвію нашаму радыё патлумачыла навуковы сакратар купалаўскага музэю Алена Бурбоўская.
(Бурбоўская: ) "Купалаўская творчасьць да сёньня не прачытаная, бо Купала быў проста забаронены. У прыватнасьці, публіцыстыка, п'еса "Тутэйшыя", многія вершы. Альбо ёсьць і такое, што вельмі зьдзіўляе: ёсьць творы 1930-х гадоў, якія падпісаныя імем Янкі Купалы, але яны не належаць Янку Купалу. Ідзе нанава прачытаньне творчасьці Купалы”.
З мэтай паведаміць, а таксама даведацца пра невядомыя старонкі жыцьця й сьмерці Янкі Купалы, у Менск прыехала Маргарыта Антонава – загадчыца музэю ў вёсцы Пячышчы ў Татарстане, дзе паэт жыў падчас эміграцыі ў гады вайны. Адтуль у чэрвені 1942 году Янку Купалу выклікалі ў Маскву, нібыта з нагоды сьвяткаваньня 60-гадовага юбілею. Гаворыць Маргарыта Антонава:
(Антонава: ) "Дзеля чаго яго выклікалі? Саюз пісьменьнікаў быў у Казані й 60-годзьдзе адзначалі б, напэўна, таксама ў Казані, але чамусьці яго выклікалі ў Маскву. Ён вельмі не хацеў ехаць і, паводле ўспамінаў жонкі й вяскоўцаў, зьбіраўся вярнуцца, бо калі зьяжджаў, то заехаў да знаёмых у Казань і казаў, што абавязкова запросіць іх у госьці пасьля вяртаньня з Масквы. Казаў, што задумаў сэрыю вершаў. Вось з гэтым пытаньнем вельмі складана".
Традыцыю купалаўскіх чытаньняў у 1950-я гады распачала жонка паэта, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Напачатку 1990-х яе прадоўжыў Дзяржаўны літаратурны музэй і Міжнародны фонд Янкі Купалы. Сёлета адбыліся шостыя чытаньні. Амаль штогод удзел у працы форуму бярэ загадчык катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту пісьменьнік Алесь Барскі. Сваю сёлетнюю дасьледчую працу ён прысьвяціў антысавецкім тэндэнцыям у жыцьці й творчасьці Янкі Купалы. Свой унёсак у прапаганду творчасці народнага паэта спадар Барскі патлумачыў так:
(Барскі: ) "Я ўсё жыцьцё жыву ў Польшчы, але я беларус, і Купала дарагі мне з тае прычыны, што, па-першае, быў выдатным паэтам, а па-другое, марыў, каб Беларусь была незалежнай сувэрэннай дзяржавай. І калі сёньня дзеюцца такія рэчы, якія пагражаюць гэтай сувэрэннасьці й незалежнасьці, то мне дарагія ўсе людзі, хто выступае ў абарону сувэрэннасьці й незалежнасьці. А Купала быў такім чалавекам".
Усяго ўдзел у працы форуму ўзялі каля 20 чалавек, але гэта толькі траціна ад запрошаных, бо, паводле загадчыцы купалаўскага музэю Жаны Дапкюнас, адсутнасьць дзяржаўнага фінансаваньня не дазволіла прыехаць на форум многім вядомым навукоўцам:
(Дапкюнас: ) "Мне вельмі хацелася бачыць на ўрачыстасьцях замежных гасьцей, тых, хто перакладаў санэты Купалы на францускую, ангельскую, украінскую, польскую мовы. Яны тут ня будуць, бо поўнасьцю за свой кошт яны не змаглі прыехаць, а дзяржава не змагла ім прапанаваць хоць мінімальнага ўтрыманьня. Пэўна, мы сёньня такія бедныя, што на гэта пайсьці не змаглі. Шкада".
У выніковай рэзалюцыі арганізатары й удзельнікі купалаўскіх чытаньняў прынялі рашэньне абмеркаваныя навуковыя працы выдаць асобным зборнікам.