У ВЫНІКУ БУРЫ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ЗАГІНУЎ 8-ГАДОВЫ ХЛОПЧЫК

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Здарэньне адбылося на тэрыторыі санаторыя “Рось”. Пад вялікай старой сасной спыніліся чатыры школьнікі зь лягеру “Лясная казка”. Да іх пад’ехаў на ровары 8-гадовы Юра зь вёскі Загор’е. У гэты момант віхурай паваліла сасну. Хлопчыку раструшчыла чэрап і ён загінуў на месцы. Дрэвам таксама прыціснула яшчэ двух хлопцаў. Іх вызвалілі мясцовыя жыхары. 16-гадовы Зьміцер атрымаў даволі сур’ёзную траўму. Абодвух хлопцаў даставіла у ваўкавыскую бальніцу машына хуткай дапамогі. Калі прыбылі ратавальнікі з аварыйна-ратавальным інструмэнтам, аказваць дапамогу ўжо не было каму.

Учорашнімі віхурамі нанесены страты жылым дамам і гаспадарчым пабудовам у сямі раёнах Гарадзеншчыны. Ад маланкі здарыліся два пажары, абодва — у Гарадзенскім раёне.