Рэйд у Веткаўскі раён зьдзівіў нават звыклых да ўсяго супрацоўнікаў адміністрацыі зонаў адчужэньня і адсяленьня Камітэту ў справах Чарнобылю. Тут, на забруджаных тэрыторыях, Гомельскі конезавод №59 разгарнуў сапраўдны мэханізаваны сенакос.
Першыя два трактары з касілкамі рэйдавая брыгада напаткала непадалёк ад выселенай вёскі Бесядзь. Без усялякага дазволу ахоўнікі міліцыі прапусьцілі мэханізатараў у зону. Скасіўшы ні адзін гектар забруджанага травастою, мэханізатары вярталіся дамоў, у Старое Сяло. Яны апраўдваліся, што працавалі ў зоне паводле загаду дырэктара конезаводу Валерыя Жолудава.
Далейшае дасьледаваньне адселенай тэрыторыі выявіла яшчэ больш прыкрыя рэчы. Адразу за радыяцыйным могільнікам працавала яшчэ адна брыгада з конезаводу — чатыры чалавекі й чатыры адзінкі тэхнікі. У сіласную яму проста ў зоне яны пасьпелі закласьці каля 60 тонаў падвяленай травы. Нарыхтоўвалася і сена.
Людзі працавалі без спэцвопраткі, сродкаў індывідуальнай аховы і, канечне, без спэцыяльных пропускаў. Кіраваў нарыхтоўкай кармоў аграном конезаводу спадар Банькоў. Незаконнае пранікненьне ў зону ён патлумачыў проста: дырэктар Жолудаў дамовіўся з раённым начальствам.
Знайсьці кіраўніка конезаводу не атрымалася — ён увесь час у разьездах. У гаспадарцы кажуць, што сёлета толькі сена трэба нарыхтаваць 800 тонаў, бо апроч конефэрмы ёсьць яшчэ каля тысячы галоў буйной рагатай жывёлы.
“Культурных” сенакосаў у гаспадарцы надзвычай мала. Нарыхтоўку забруджаных кармоў у зоне вясковае начальства ня лічыць вялікім парушэньнем — маўляў, там да 1994 году жылі людзі. Дыспэчар конезаводу, які адмовіўся назваць сваё імя, наогул заявіў: “Ну дык што, будзем купляць за даляры і з-за мяжы вазіць сянаж?”
На шараговых нарыхтоўцаў забруджаных кармоў супрацоўнікі адміністрацыі зонаў адчужэньня склалі пратаколы. Хутчэй за ўсё яны атрымаюць штрафы. Якія санкцыі чакаюць дырэктара Жолудава, пакуль невядома.