САВЕТ РЭСПУБЛІКІ АДМОВІЎСЯ СЁНЬНЯ ПРЫМАЦЬ ЗАКОН АБ РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ — КАБ НЕ ПАРУШЫЦЬ РЭГЛЯМЭНТ

Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля таго, як учора позна ўвечары зьмяненьні ў закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных аргаінізацыях” былі ўхваленыя ў палаце прадстаўнікоў, яго адразу даcтавілі ў Савет Рэспублікі. І сёньня раніцай яго ўжо спрабавалі паставіць на парадак дня апошняга паседжаньня верхняй палаты. Аднак супраць выступілі Ядвіга Грыгаровіч і Павал Шыпук. Іх падтрымалі 24 сэнатары, не падтрымалі — 23. Гаворыць Павал Шыпук:

(Шыпук: ) “Я лічу, што ўсё ж неабходны час для вывучэньня, каб разгледзець у рабочым парадку, як гэта трэба, паводле рэглямэнту”.

Павал Шыпук не гатовы камэнтаваць законапраект па сутнасьці, паколькі яшчэ не пасьпеў пазнаёміцца зь ім. Сёньня сэсія Савету Рэспублкі закончыла сваю працу, і такім чынам гэты законапраект можа быць разгледжаны толькі 2 кастрычніка. Праўда, Павал Шыпук не выключае магчымасьці правядзеньня пазачарговай сэсіі.

У кулюарах Савету Рэспублікі расказвалі пра тэлефанаваньні Ўладзімера Канаплёва, які справабаваў усё ж пераканаць прыняць гэты законапраект сёньня, а асноўнай прычынай такой пасьпешлівасьці называлі абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі, што гэты закон будзе дзейнічаць яшчэ да восені — нядаўна Лукашэнка паабяцаў гэта маскоўскаму патрыярху Алексію ІІ.

Прадстаўнікі Камітэту ў справах рэлігіяў да апошняга чакалі, што Савет Рэспублікі будзе разглядаць гэты законапраект. У нефармальных размовах яны адкрыта прызнавалі, што ён накіраваны супраць росту ўплыву пратэстанцкіх цэркваў.

Кіраўнік Камісіі ў справе правоў чалавека, нацыянальных меншасьцяў і СМІ палаты прадстаўнікоў Валеры Ліпкін зазначыў Свабодзе, што словы пра вызначальную ролю праваслаўнай царквы ў прэамбуле законапраекту ня маюць юрыдычнай нагрузкі, але ён не хавае, што маральныя ды ідэалягічныя перавагі праваслаўю яны даюць. Паводле ягоных словаў, новы закон павінен ліквідаваць “неадпаведнасьць колькасьці грамадаў колькасьці ў іх вернікаў” — маўляў, пратэстанты маюць многа грамадаў, але нешматлікіх.

(Ліпкін: ) “Значыць, зроблена гэта з мэтай паказаць вельмі вялікія заслугі гэтых грамадаў — ну, ня ведаю, перад кім: перад сябрамі ці калегамі, што ў іх вельмі вялікая праца праведзеная сярод насельніцтва. Таму вось крыху, ну не абмежаваньне, а як бы сказаць, навядзеньне патрэбнага парадку ў саміх канфэсіях — гэта канечне ёсьць, прысутнічае”.

Валеры Ліпкін адмаўляе, што на палату прадстаўнікоў быў ціск з прэзыдэнцкай адміністрацыі ці праваслаўнага экзархату. Ня верыць ён і ў тое, што гэтым законапраектам будзе парушаны міжканфэсійны мір.

Зусім іншая думка ў пратэстанцкіх цэрквах. Каардынацыйная рада пратэстанцкіх цэркваў Беларусі сёньня правяла надзвычайную нараду з нагоды гэтага законапраекту. Стаўленьне да яго “рэзка адмоўнае”, — сьцьвярджае рэдактар пратэстанцкага часопісу “Благодать” Сяргей Карнюшка:

(Карнюшка: ) “Нас хвалюе тое, што будзе істотна ўскладненая рэгістрацыя цэркваў, што Камітэт у справах рэлігіяў будзе мець права выносіць два папярэджаньні любой грамадзе і пасьля гэтага спыняць яе дзейнасьць да суду, які невядома калі яшчэ будзе. Калі ж вернікі без рэгістрацыі будуць зьбірацца памаліцца, то гэта ўжо парушэньне закону, якое будзе спыняць міліцыя. Уводзіцца цэнзура на друкаваную літаратуру”.

Паводле словаў Сяргея Карнюшкі, у Нацыянальным сходзе праігнаравалі ўсе звароты рэлігійных меншасьцяў. Ён упэўнены, што цяпер будуць пратэсты і пэўныя дзеяньні ў адказ, звароты да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці пра тое, што ў Беларусі парушаюцца рэлігійныя правы грамадзянаў.