НА РАЗГЛЯД КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДУ БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ ВЫНЕСЕНАЕ ПЫТАНЬНЕ АБ ЗАКОННАСЬЦІ ГЭТАК ЗВАНЫХ ДАЗВОЛЬНЫХ ЗАПІСАЎ

Алесь Грыневіч, Менск

Дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Уладзімер Парфяновіч падрыхтаваў запыт у Канстытуцыйны суд Беларусі. Ён жадае, каб суд даў адказ на пытаньне – ці законна патрабаваць ад грамадзян дазвольны запіс ў пашпарце для выезду за мяжу.

Парфяновіч кажа, што існаваньне дазвольнага запісу пярэчыць асноўнаму закону Беларусі. У Канстытуцыі запісана, што грамадзяне маюць права свабодна пакідаць краіну і бесьперашкодна вяртацца назад.

На думку Парфяновіча, адзіная прычына дазвольнага запісу – гэта жаданьне дзяржавы спагнаць грошы з грамадзянаў. Дазвольная пячатка цяпер каштуе 50 тысячаў рублёў. Яшчэ 500 рублёў трэба даплочваць за гэтак званыя "кампутарныя паслугі". Пры гэтым дзейнічае дазвольны запіс толькі цягам пяці гадоў – пасьля зноўку даводзіцца плаціць, каб атрымаць права на выезд.

Вось што гаворыць былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) "Гэтая пячатка мне здаецца, мякка кажучы, ня вельмі карэктнай. Сапраўды, чаму я не магу бесьперашкодна пакінуць краіну, бесьперашкодна вярнуцца? Чаму мне дзяржаўны орган павінен даваць на гэта дазвол? Калі ўзьнікаюць нейкія абмежаваньні, зьвязаныя з судзімасьцю, альбо яшчэ зь нечым, то, відаць, гэта трэба вырашаць іншымі захадамі. І мне здаецца, што сама па сабе пастаноўка гэтага пытаньня слушная".

Але для таго, каб Канстытуцыйны суд вынес абавязковае заключэньне па любым пытаньні, недастаткова звароту асобных дэпутатаў. Таму Ўладзімер Парфяновіч хоча вынесьці запыт аб законнасьці дазвольнага запісу на галасаваньне "палаты прадстаўнікоў". Парфяновіч кажа, што ўжо размаўляў з многімі калегамі і упэўнены, што ягоную ініцыятыву падтрымаюць. Вось як камэнтуе пэрспэктывы гэтага пытаньня ў Канстытуцыйным судзе былы судзьдзя Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) "Калі гэта будзе "палата" і ў адпаведнасьці з артыкулам 112 Канстытуцыі, то Канстытуцыйны суд абавязаны будзе прыняць гэтую заяву і абавязаны будзе разглядаць гэтую справу. Якое ён прыме рашэньне, мне сказаць цяжка, але калі дакладна тлумачыць гэты артыкул Канстытуцыі, то слова "бесьперашкодна”, па-мойму, адказвае на ўсе пытаньні".