ЗАВЕРШЫЎСЯ РАЗГЛЯД СПРАВЫ “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ”

Казімер Яноўскі, Гомель

Пяць паседжаньняў правяла судзьдзя Валянціна Новікава, перш чым вынесьці пастанову. Але гэтая пастанова ўразіла нават звыклых да паваротаў беларускай Тэміды кіраўнікоў “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Старшыня аб’яднаньня Віктар Карніенка кажа, што такога абсурднага рашэньня ён і ўявіць ня мог.

“Ініцыятывы” прасілі ў гаспадарчага суду адмяніць беспадстаўныя эканамічныя санкцыі падатковай інспэкцыі на 2 мільёны 219 тысяч рублёў. Судзьдзя вырашыла выключыць з гэтай сумы 71 тысячу 272 рублі, астатнія 2 зь лішкам мільёны “Ініцыятывы” павінны сплачваць дзяржаве.

Эканамічныя санкцыі падатковая інспэкцыя Чыгуначнага раёну ўжыла да “Грамадзянскіх ініцыятываў” пасьля таго, як у студзені гэтага году суд агульнай юрысдыкцыі пастанавіў аштрафаваць Віктара Карніенку на 1 мільён рублёў і сканфіскаваць кампутарную тэхніку, атрыманую як бязвыплатную дапамогу ад замежных фундатараў. Тэхніку гэтую незадоўга да леташніх прэзыдэнцкіх выбараў адабрала на падставе дэкрэту Лукашэнкі №8 упраўленьне КГБ. І вось што ўражвала.

Яшчэ не дасьледаваўшы зьместу інфармацыі на кампутарах, КГБ зрабіла выснову, што яны скарыстоўваліся для арганізацыі незалежнага назіраньня і правядзеньня выбараў.

Пастанова суду агульнай юрысдыкцыі ў дачыненьні “Ініцыятываў” ужо адмененая. Аднак судзьдзя гаспадарчага суду спадарыня Новікава ня выключыла яе зь ліку доказаў, пра што хадайнічалі “Грамадзянскія ініцыятывы”. Рэч у тым, што падаткоўцы не рабілі сваёй адмысловай праверкі пра так званае нямэтавае выкарыстаньне кампутараў. У актах яны цалкам спасылаліся на лісты ўпраўленьня КГБ і сьледчага камітэту. На падставе гэтых лістоў спачатку ўзьнікла адміністрацыйная справа, а затым прымененыя буйныя эканамічныя санкцыі, якія разбураюць грамадзкае аб’яднаньне.

Юрыст “Ініцыятываў” Леанід Судаленка лічыць, што судзьдзя Новікава ня выявіла самастойнасьці падчас разгляду пазову пра адмену эканамічных санкцыяў. Яе пастанову “Грамадзянскія ініцыятывы” будуць аспрэчваць у калегіі гаспадарчага суду.