ВАСІЛЬ ШАРАНГОВІЧ: “Я НІ АБ ЧЫМ НЕ ШКАДУЮ”

Ірына Халіп, Менск

Апошнім часам адна з галоўных тэмаў — гэта сытуацыя забароны на прафэсію, у якой аказаліся беларускія пісьменьнікі — Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч ды іншыя. Іх выкрэсьліваюць з выдавецкіх плянаў, на іхныя творы ўводзіцца цэнзура. Але праблема забароны на прафэсію — даўняя. Барацьба зь незалежнай творчасьцю і мысьленьнем пачалася даўно. Можна ўзгадаць хаця б звальненьне мастака Васіля Шаранговіча з пасады рэктара Беларускай Акадэміі мастацтваў. Ніхто яго не абараніў, і справа гэтая ня стала гучнай. Сёньня Васіль Шаранговіч — госьць Ірыны Халіп.

(Ірына Халіп: ) “Булгакаўскі прафэсар Праабражэнскі казаў, што нельга чытаць да абеду савецкія газэты. Але час ад часу ў іх друкуецца карысная інфармацыя. Вы, Васіль Пятровіч, калі я не памыляюся, даведаліся аб сваім звальненьні з пасады рэктара Беларускай Акадэміі мастацтваў з газэты “Советская Белоруссия”?”

(Васіль Шаранговіч: ) “Дакладна так. Калі прыгадваць той час (а прайшло ўжо амаль пяць гадоў), то менавіта ў той дзень, як быццам бы штосьці прадчуваючы, я ўпершыню прыйшоў на работу ў Акадэмію а сёмай гадзіне раніцы і пачаў зьбіраць свае кніжкі, якія там былі. І калі я ў дзевяць гадзінаў патэлефанаваў у міністэрства, мне кажуць: “А вы што, на рабоце?” Я кажу: “Так, я прыйшоў у 7 гадзінаў”. — “І што, газэтаў не чыталі?” — “Не”. — “Ну дык пачытайце “Советскую Белоруссию”. Я пайшоў уніз, там у нас быў кіёск, купіў газэту, там жа прачытаў на другой старонцы, што прэзыдэнт за парушэньні ў ходзе прыёмных іспытаў здымае мяне з пасады рэктара. Я тады ўжо не вяртаўся ў кабінэт, а ціха пайшоў дахаты, каб абдумаць, што ж здарылася і за якія парушэньні я звольнены”.

(Халіп: ) “І што гэта былі за парушэньні?”

(Шаранговіч: ) “Асноўным у дакумэнце, падпісаным старшынём Камітэту дзяржкантролю Дамашкевічам, было парушэньне тэрмінаў правядзеньня уступных іспытаў. Але Акадэмія ў той год існавала ўжо амаль 50 гадоў, і ўсе 50 гадоў уступныя іспыты пачыналіся менавіта 6 ліпеня...”

(Халіп: ) “А якая ўсё ж рэальная прычына таго, што вас звольнілі?”

(Шаранговіч: ) “Я дакладна ня ведаю. Але вы ж ведаеце і студэнтаў, і выкладчыкаў — многія хадзілі на мітынгі, былі сябрамі БНФ. А потым, калі пачалі ствараць БПСМ, то я ў міністра Стражава заявіў, што гэта ня нашая справа, гэта грамадзкая арганізацыя, і, акрамя таго, у нас і так усе патрыёты ў Акадэміі. І потым — водгукі дэмакратычных пачаткаў асабліва яскрава адбіваліся ў нас у Акадэміі. Студэнцтва ў нас вельмі вальнадумнае, як і выкладчыцкі склад. Напэўна, і рэктар быў такім жа, і віна была ўскладзеная на яго”.

(Халіп: ) “А вас спрабаваў хто-небудзь абараніць — выкладчыкі ці творчая інтэлігенцыя?”

(Шаранговіч: ) “Я быў вельмі ўражаны, калі мяне звольнілі. Я ведаю, што калі кіраўніка ня любяць, а потым яго з тых ці іншых прычынаў звальняюць, то ўсе радуюцца. Тут жа ўсё было наадварот. Мне нават стала ніякавата, калі я ўбачыў, як сакратар аднаго аддзелу, якой я толькі днямі “ўляпіў” строгую вымову, стаяла і плакала.

На другі дзень быў сабраны сход, які прыняў зварот. Гэты зварот быў дасланы ва ўсе дзяржаўныя газэты, у адміністрацыю прэзыдэнта, у міністэрствы — але ні адна газэта яго не надрукавала, і ніякага адказу не было”.

(Халіп: ) “А чым вы займаліся ўсе гэтыя пяць гадоў?”

(Шаранговіч: ) “Празь нейкі час былы міністар Сасноўскі запытаў, чым я зьбіраюся займацца. Я сказаў, што магу застацца на катэдры радавым прафэсарам. Ён сказаў: “Баюся, што вам гэтага нельга”. Я сказаў: “Я зразумеў. 30 гадоў я займаўся выкладчыцкай працай, а зараз мне гэта забаронена”. Потым, калі была пастанова Савету міністраў аб стварэньні — фактычна на голым месцы — музэю сучаснага выяўленчага мастацтва, ён прапанаваў мне яго ўзначаліць і ўсё пачаць з нуля”.

(Халіп: ) “А калі вам было лягчэй працаваць — у Савецкім Саюзе ці пры цяперашняй уладзе?”

(Шаранговіч: ) “Цяжка нават параўноўваць і цяжка адказваць. Я і ў савецкі час хадзіў у нацыяналістах, у антысаветчыках... І было нямала вострых момантаў, і незадавальненьне ўладаў было. Але ў той час цанілі талент, розум і прафэсіяналізм. І лічыліся з гэтым. Магло быць незадавальненьне, і яно было, і ў разьвіцьці мовы — гэта было. Але — цанілі. І званьні мне, дарэчы, тады давалі”.

(Халіп: ) “Вы заўсёды размаўлялі па-беларуску?”

(Шаранговіч: ) “Зь дзяцінства. Я заканчваў беларускую школу, і бацькі мае, як і ўся вёска, размаўлялі толькі па-беларуску. Хаця потым я вывучыў расейскую мову, але размаўляў заўсёды толькі па-беларуску”.

(Халіп: ) “І вас ніколі не прасілі ўлады перайсьці на расейскую мову?”

(Шаранговіч: ) “Ніколі! І я ня ведаю нават, калі чытаю ў газэтах, што абражаюць тых, хто размаўляе па-беларуску... Ні ў грамадзкім транспарце, ні ў размовах з чыноўнікамі — ніколі ніхто не выказваў незадавальненьня, ва ўсе часы. І нават чыноўнікі ў размовах са мной стараліся перайсьці на беларускую мову”.

(Халіп: ) “Кажуць, у вас былі добрыя дачыненьні з Машэравым?”

(Шаранговіч: ) “Мы не былі блізка знаёмыя, але сустракаліся. Памятаю, калі адзначалі 25-годзьдзе тады яшчэ Тэатральна-мастацкага інстытуту, Машэраў наведаў юбілейную выставу, і я ўступіў зь ім у спрэчку. Тады яшчэ і наша кіраўніцтва было незадаволенае: маўляў, такі малады, а лезе. Тым ня менш, Машэраў менавіта мяне папрасіў суправаджаць яго па выставе — ні рэктара, ні старшыню Саюзу мастакоў. А старшынём Савету міністраў тады быў Ціхан Кісялёў. Дык памятаю, мы падышлі да аднаго пэйзажа, і Машэраў сказаў Кісялёву: “Ты вось думаеш, што вада толькі блакітная, а я, калі стаў сустракацца з мастакамі, зразумеў, што вада бывае розная”.

Потым яшчэ была сустрэча гады праз два. Тады быў зьезд камсамолу, і я быў дэлегатам. У перапынку мяне з натоўпу ўбачыў Пётар Міронавіч, кінуў сваю сьвіту, падышоў да мяне, распытаў, як я жыву... Было, такім чынам, некалькі сустрэчаў. І мне заўсёды было прыемна, што Машэраў цікавіўся выяўленчым мастацтвам і паважаў чужую думку, нават калі яна разыходзілася зь ягонай думкай”.

(Халіп: ) “А з прэзыдэнтам Лукашэнкам вы, дарэчы, знаёмыя?”

(Шаранговіч: ) “Мы сустракаліся аднойчы, клаі ў рэзыдэнцыі Лукашэнка зьбіраў творчую інтэлігенцыю. Быў вялікі прыём, і майму земляку Віктару Роўду прэзыдэнт уручыў кветкі, вазу — з нагоды юбілею. Яны пачалі размаўляць, Роўда паклікаў мяне, я падышоў... Ну, мы нават і чарку разам выпілі. Пра музыку размаўлялі, я тады даведаўся, што Аляксандар Рыгоравіч на баяне грае. Ва ўсякім выпадку, ён так сказаў”.

(Халіп: ) “Ну, наконт на баяне — гэта быў той рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт сказаў праўду. Васіль Пятровіч, калі з вамі адбылося тое, што называецца забаронай на прафэсію, што дапамагло вам пераадолець усё гэтае? Зараз жа такая тэндэнцыя — зьнішчаецца нацыянальная культура, вы ведаеце, што адбываецца зь літаратурнымі часопісамі, і, напэўна, надзвычай актуальным становіцца пытаньне, як усё гэтае перажыць”.

(Шаранговіч: ) “Я прыйшоў у Акадэмію ў 1960-я — студэнтам. А звольнілі мяне ў 1997 годзе. 37 гадоў — амаль усё жыцьцё. Гэта быў мой другі дом. І, вядома ж, было цяжка. Тым больш, што калі чалавек зрабіў нейкі крок — а я ж ніякага кроку не рабіў. Я як быў са сваімі поглядамі, так і застаўся дагэтуль — у адносінах да мовы, да культуры, да краіны, да тых агульначалавечых каштоўнасьцяў, якія нас робяць людзьмі.

Напэўна, хтосьці хацеў, каб я быў маральна зьнішчаны — але гэтага не адбылося. Па-першае, мы, пасьляваеннае пакаленьне, загартаваныя, мы шмат чаго перажылі і прайшлі цяжкае жыцьцё. Па-другое, было пачуцьцё, што трэба застацца чалавекам, выстаяць і зрабіць тое, чаго яшчэ не зрабіў. І я за гэтыя гады зрабіў столькі, колькі раней за дзясяткі гадоў зрабіць ня мог. Выйшла кніга “Пан Тадэвуш”, да якой я зрабіў 37 акварэльных ілюстрацыяў. А ў гэтым годзе да 120-годзьдзя з нараджэньня Якуба Коласа мы выдалі “Новую зямлю” — дык да яе я зрабіў 91 акварэль.

І я ні аб чым не шкадую. І калі б жыцьцё спачатку, я б яго зноў так пражыў. Я не хацеў бы толькі, каб былі гэтыя галодныя студэнцкія і дзіцячыя гады, каб толькі гэтага не было... І тое, што я столькі часу аддаў пэдагагічнай і адміністрацыйнай працы — гэта я рабіў дзеля выхаваньня новага пакаленьня. І я ўпэўнены, што тое пакаленьне, якое мы выхавалі, — яно дастойнае. Яно любіць народ, любіць мову і любіць сваю краіну”.

(Халіп: ) “У студыі быў мастак Васіль Шаранговіч, былы рэктар Беларускай Акадэміі мастацтваў. Ягоны ўласны досьвед паказвае: ня ўсё так страшна і так безнадзейна. Можна адабраць у чалавека працу, пасаду, выкрэсьліць яго з выдавецкіх плянаў, але ніхто не адбярэ ў яго сумленьне і талент. Няма такой улады, якая б гэтае здолела”.