<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

Ул. інф.

“Галерэя “Свабоды”. 15 чэрвеня

Неўзабаве ў Беларусі мусіць зьявіцца яшчэ адзін часопіс, прысьвечаны мастацтву. Новы часопіс мае мець трывіяльную й простую назву “Арт”. Ягоным стваральнікам, аднак, будзе не беларус, а француз... Іў Прудом, уладальнік мастацкае галерэі “Зямля людзей”, што ў Менску. Гутарку зь ім слухайце ў чарговай перадачы Сяргея Харэўскага “Галерэя “Свабоды”.


“Суботні дыялёг з Васілём Шаранговічам”. 15 чэрвеня

Што рабіць чалавеку, які аказаўся ў сытуацыі забароны на прафэсію, як гэта цяпер адбываецца, напрыклад, зь беларускімі пісьменьнікамі? Як выстаяць і застацца чалавекам і прафэсіяналам? Слухайце суботні дыялёг Ірыны Халіп з былым рэктарам Беларускай Акадэміі мастацтваў Васілём Шаранговічам.


“Здароўе”: Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства. 15 чэрвеня

Што такое язва страўніка ці дванаццаціпалай кішкі – ведае, бадай, кожны беларус. Сёньня гэта адна з самых распаўсюджаных у Беларусі хваробаў. І вось нядаўна амэрыканскія навукоўцы апублікавалі вынікі двух дасьледаваньняў, якія дазваляюць зусім інакш паглядзець на прычыны ўзьнікненьня язвы і раку страўніка. Аказваецца, прыём так званых антацыдаў – лекаў, якія паніжаюць кіслотнасьць страўніку – можа рабіць наш страўнік значна больш падатлівым для росту бактэрыяў. А менавіта бактэрыіі лічацца сёньня адказнымі практычна за ўсе выпадкі язвы і раку страўніка. Новым сэнсацыйным дасьледаваньням амэрыканскіх навукоўцаў і будзе прысьвечаны чарговы выпуск нашай мэдычнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”, які падрыхтаваў Сяргей Абламейка.


“Вольная студыя”. Васіль Сёмуха: “Беларускую Біблію хочуць чытаць нават атэісты”. 16 чэрвеня

Беларуская рэчаіснасьць апошнім часам ставіць больш пытаньняў, чым дае на іх адказаў. Мы жывем у эпоху, калі старыя мары не збываюцца, а новыя не ўзьнікаюць. І ўсё ж адна зь беларускіх мараў спраўдзілася на нашых вачах — мы нарэшце атрымалі Біблію на сучаснай беларускай мове. Перакладчык Васіль Сёмуха 14 гадоў свайго жыцьця патраціў на тое, каб Сьвятое Пісьмо ў роднай мове прыйшло ў храмы, малітоўныя дамы і кожную беларускую сям’ю.

Да гэтага афіцыйная царква не прызнала ні пераклад Францішка Скарыны ў XVI стагодзьдзі, ні пераклад Янкі Станкевіча ў стагодзьдзі XX-м. Ці прызнае яна пераклад, які зьявіўся на пачатку ХХІ стагодзьдзя? У нядзелю слухайце гутарку Міхася Скоблы зь перакладчыкам Васілём Сёмухам.


“Беларускі Інтэрнэт”. 16 чэрвеня

За якую футбольную зборную хварэюць удзельнікі спартовых дыскусіяў у беларускім Інтэрнэце? Ці маюць беларускія турыстычныя фірмы ўласныя старонкі ў Сеціве? Сайт “Плянэта Матусевічаў” — для людзей па ўсім сьвеце, аб’яднаных адным прозьвішчам. Гэта тэмы наступнага выпуску праграмы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”, якую падрыхтаваў Віталь Цыганкоў.


“Літаратурны круглы стол”: Беларускі паэт у правінцыі. 16 чэрвеня

Беларускі паэт у рэгіёне — ці ўплывае ягоная прысутнасьць на тамтэйшае духоўнае жыцьцё? Што губляе сталіца, калі не зважае на творчую чыннасьць у аддаленых ад Менску мясьцінах? Якім рэхам адбіваюцца сталічныя віхуры на творчым духу малых гарадоў і мястэчак? Пра гэта разважаюць паэт з Баранавічаў Венанцы Бутрым і былы рэдактар аддзелу паэзіі часопісу “Крыніца” Леанід Галубовіч. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.