ЛУКАШЭНКА НЕ РЭАГУЕ НА ВЫКАЗВАНЬНІ ПУЦІНА І ЧАКАЕ Ў ГОСЬЦІ ЕЛЬЦЫНА

Валер Каліноўскі, Менск

Многія чакалі, што сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіць з публічным адказам на ўчорашнія крытычныя заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна наконт беларускіх прапановаў мадэлі саюзнай інтэграцыі. Аднак гэтага не адбылося.

Аляксандар Лукашэнка пакуль не рэагуе на рэзкія выпады Ўладзімера Пуціна, даўшы толькі магчымасьць выказацца на гэты конт намесьніку кіраўніка сваёй адміністрацыі Леаніду Козіку. Сам Аляксандар Лукашэнка тым часам рыхтуецца да сустрэчы з былым прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцынам. Яна пройдзе на наступным тыдні, прычым сустрэча заплянаваная ня толькі ў Менску, але і ў Белавескай пушчы, у тых самых Віскулях — калі толькі ў Ельцына будзе ў парадку здароўе.

Што да сёньняшняй адстаўкі ключавога міністра ва ўрадзе Навіцкага Ўладзімера Шымава, які займаўся эканомікай яшчэ з 1995 году, то прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч параіла сэнсацыі зь яе не рабіць — маўляў, ніякіх палітычных матываў у адстаўцы няма:

(Пяткевіч: ) “Ён вызвалены ад пасады міністра згодна з пададзенай заявай. Ён даўно прасіўся з прычыны стану здароўя. У прынцыпе, гэта вядома абсалютна ўсім”.

Уладзімер Шымаў нядаўна перанес апэрацыю і фактычна атрымаў ганаровую адстаўку — ён прызначаны на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Тым ня менш, размоваў пра падзяку яму за працу на папярэднім месцы няма.

Эканамічная сытуацыя ў краіне складаная, што і засьведчыла сёньняшняя нарада вэртыкалі ў Аляксандра Лукашэнкі. Галоўным зьместам гэтай нарады сталіся заклікі да эканоміі бюджэтных сродкаў, рацыянальнага выдаткоўваньня грошай, пошуку дадатковых крыніцаў фінансаваньня.

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што ў краіне “затрачваецца неабгрунтавана шмат грошай на будаўніцтва новых аб’ектаў, набыцьцё дарагога службовага транспарту, эўрарамонт і малаэфэктыўныя камандзіроўкі”. Заклікаў Аляксандар Лукашэнка і да скарачэньня льготаў грамадзянам, у прыватнасьці на санаторна-курортнае аздараўленьне, праезд у транспарце і на аплату камунальных паслугаў.

Захады Аляксандра Лукашэнкі да ўсталяваньня рэжыму жорсткай эканоміі выкліканыя сур’ёзным бюджэтным крызысам у краіне, — упэўнены незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Гэта відавочна. Калі мы прааналізуем, як быў выкананы бюджэт за першы квартал альбо за чатыры месяцы гэтага году, то пабачым, што недабор складае 10–15%. Гэта вельмі такая непрыемная лічба для Лукашэнкі й ягонага ўраду. На сёньня, напрыклад, Міністэрства фінансаў ужо прафінансавала практычна ўвесь гадавы бюджэт па пэнсіях”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што А.Лукашэнка ўсьвядоміў вастрыню фінансавага крызысу, але ўрадавыя захады дзеля яго перадоленьня робяцца старыя, якія і раней не прыводзілі да аздараўленьня эканомікі.