Тры дадатковыя роты ўнутраных войскаў разьмяшчаюцца ў Рэчыцы, Мазыры і Сьветлагорску. У Рэчыцы на вуліцы Сьняжкова для іх выдзелены былы шпіталь, у Мазыры і Сьветлагорску — будынкі дзіцячых садкоў, якія сталі непатрэбнымі з прычыны значнага скарачэньня нараджальнасьці. Цяпер тут будуць унутраныя войскі.
Вось што распавёў першы намесьнік старшыні Рэчыцкага райвыканкаму Васіль Касьцюкевіч:
(Касьцюкевіч: ) “За кошт рэзэрвовага фонду старшыні ў нас утрымліваецца ўжо 40 чалавек. Цяпер у нас будзе раскватараваная яшчэ рота Міністэрства ўнутраных справаў, гэта значыць, тэрміновай службы вайскоўцы. Сто чалавек будзе”.
На думку спадара Касьцюкевіча, занятак ім таксама знойдзецца.
(Касьцюкевіч: ) “Вал злачыннасьці цяпер такі, што яны будуць занятыя і на патруляваньні ў горадзе, і ўначы таксама, і на гарадзкіх мерапрыемствах. Яны ня толькі будуць абслугоўваць горад і Рэчыцкі раён, але і Хойнікі і Лоеў”, — сказаў намесьнік старшыні райвыканкаму.
Разьмесьціць дадатковыя сілы ўнутраных войскаў гомельскім уладам прапанавала Рада Бясьпекі краіны, калі пры канцы мінулага году абмяркоўвала на сваім паседжаньні стан у рэгіёне. Менавіта пасьля таго абмеркаваньня гомельскі аблвыканкам і зьвярнуўся да міністра ўнутраных справаў Навумава з хадайніцтвам разьмесьціць дадатковы вайсковы кантынгент.
Утрымлівацца новыя падразьдзяленьні будуць за кошт мясцовага бюджэту, а падпарадкоўвацца камандзіру ўжо існай у абласным цэнтры часьці ўнутраных войскаў. Пра гэта распавёў начальнік упраўленьня аблвыканкаму Рыгор Івончык.
Ён жа паведаміў, што Жлобінскі райвыканкам таксама выказаў жаданьне займець роту ўнутраных войскаў.