ПАСОЛ ЗША Ў АБСЭ ВЫСТУПІЎ СА ЗВАРОТАМ ДА СТАЛАЙ РАДЫ АБСЭ З НАГОДЫ ВЫСЫЛКІ ЭНДРУ КАРПЭНТЭРА

Ул. інф.

"На пачатку, - сказаў Стывэн Мінікес, - я хацеў бы ўхваліць надзвычай разумную і ўзважаную заяву Эўразьвязу, да якой мы цалкам далучаемся. Дазвольце таксама сказаць, што мы вельмі засмучаныя тым, што Сталая Рада мусіць зноў вяртацца да гэтага пытаньня. Дзеяньні Беларусі, на жаль, не пакідаюць нам выбару".

У сваім звароце сп. Мінікес згадаў, што Эндру Карпэнтэр – гэта другі член КНГ АБСЭ, высланы зь Беларусі за апошнія два месяцы.

Стывэн Мінікес адзначыў, што "проста немагчыма спалучыць жаданьне супрацоўнічаць з АБСЭ і высылку двух міжнародных прадстаўнікоў нашай арганізацыі ў Менску. Апроч таго, немагчыма знайсьці разьвязаньне гэтай сытуацыі шляхам кансультацыяў, бо пазыцыя Беларусі, як вынікае са шматлікіх выступаў і заяваў тут і ў Менску цягам апошняга паўгоду, сама па сабе супярэчлівая".

Стывэн Мінікес нагадаў, што КНГ пакліканая дапамагаць Беларусі ў разьвіцьці “дэмакратычных інстытутаў і дасягненьні іншых стандартаў АБСЭ”. Гэтая задача, як адзначыў сп. Мінікес, сёньня застаецца цэнтральнай для ўласных інтарэсаў Беларусі і для АБСЭ, як гэта было і чатыры гаду таму, калі Беларусь была прынятая ў Сталую Раду АБСЭ. "Выкананьне гэтай задачы ёсьць перадумовай заканчэньня самаізаляцыі Беларусі", - сказаў сп. Мінікес .

Кажучы пра пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі і АБСЭ, Стывэн Мінікес заявіў, што "разьвязаньне сытуацыі палягае ня ў тым, каб абмеркаваць яшчэ адзін праект пастановы. Беларусь павінна прадставіць аўтарытэтныя, канструктыўныя і надзейныя доказы ад найвышэйшых колаў кіраўніцтва, што яна гатовая супрацоўнічаць з АБСЭ і вырашаць сур’ёзныя праблемы праз супрацоўніцтва зь місіяй АБСЭ ў Беларусі".

Калі ж такія канкрэтныя крокі ня будуць зробленыя, то, паводле сп. Мінікеса, "мы ўсе павінны будзем разгледзець, якія наступствы для далейшага супрацоўніцтва гэта пацягне за сабой, з улікам абавязкаў, якія Беларусь мае перад арганізацыяй".