УЛАДЫ СПРАБУЮЦЬ УСТАЛЯВАЦЬ КАНТРОЛЬ НАД НЕЗАЛЕЖНЫМІ САЦЫЯЛЯГІЧНЫМІ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯМІ

Юры Дракахруст, Прага

Згодна з урадавай пастановай, любы дасьледны цэнтар, які мае намер праводзіць сацыялягічнае апытаньне, мусіць накіроўваць у камісію падрабязныя дадзеныя пра парадак правядзеньня дасьледаваньня, апрацоўкі і інтэрпрэтацыі дадзеных, а таксама пра крыніцы фінасаваньня. У камісію мусяць прадастаўляцца і вынікі дасьледаваньня. Асацыяцыя “Беларускія фабрыкі думкі”, якая аб’ядноўвае незалежных сацыяльных дасьледчыкаў, прыняла адмысловую заяву, у якой адзначаецца, што мэта ўрадавай пастановы – усталяваньне кантролю над незалежнымі дасьледаваньнямі. У заяве адзначаецца, што ўлады нават не рашыліся правесьці адпаведнае рашэньне законам.

Пра прычыны зьяўленьня ўрадавай пастановы гаворыць старшыня Рады “Беларускіх фабрык думак”, дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў.

(Манаеў: ) “Я мяркую, што апошняй прычынаю гэтага рашэньня сталася прэзыдэнцкая кампанія. Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, за Лукашэнку прагаласавала каля 76%, а за Ганчарыка – каля 15%. У той час як паводле дадзеных незалежных сацыёлягаў, атрыманых пры дапамозе розных працэдураў, лічбы іншыя: за Лукашэнку сапраўды прагаласавала больш за палову, але на 20% менш, чым было аб’яўлена, а за Ганчарыка – амаль удвая больш. І паколькі амаль не было іншых доказаў таго, што сапраўдныя вынікі адрозьніваліся ад афіцыйных, атрымалася, што менавіта дадзеныя незалежных сацыёлягаў далі падставы ў прыватнасьці АБСЭ сьцвяржаць, што выбары не былі дэмакратычнымі і справядлівымі.

Улада ў прынцыпе зацікаўленая ў наяўнасьці такой незалежнай крыніцы інфармацыі, якая дазваляе ёй бачыць праблемы і напружаньні, што ўзьнікаюць у грамадстве. Але, відаць, перавага была аддадзеная таму, каб заткнуць голас незалежных дасьледчыкаў”.

Якімі будуць наступствы урадавай пастановы для незалежных дасьледчыкаў? Дырэктар НІСЭПД прафэсар Манаеў лічыць, што яны будуць надзвычай сур’ёзнымі”.

(Манаеў: ) “Гэта сур’ёзны дакумэнт, значна больш сур’ёзны, чым праект закону, які спрабавалі працягнуць праз палату прадстаўнікоў у сакавіку-красавіку. У першапачатковых праектах меркавалася ўзяць пад кантроль толькі перадвыбарчыя апытаньні. У цяперашняй пастанове мова ідзе пра любыя дасьледаваньні, прысьвечаныя грамадзка-палітычным тэмам. Цяпер любыя дасьледаваньні, прысьвечаныя стаўленьню грамадзянаў да прэзыдэнта, затрымак выплаты заробкаў, адносінам да Эўразьвязу і Расеі, падлягаюць зацьвярджэньню адмысловай камісіяй. Паводле пастановы ураду, на працу камісіі выдзяляецца на год 40 мільёнаў рублёў. Для Беларусі гэта ўнушальная лічба.

Нарэшце, ў пастанове гаворыцца, што асобы, якія парушаць усталяваны пастановаю парадак дасьледваньняў, будуць несьці адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам. Таму паставіцца да гэтага дакумэнту як да звычайнай паперкі, якая не ўплывае на рэальныя працэсы, мы ня можам. Наступствы будуць надзвычай рэальнымі.

Аднак што я магу сказаць абсалютна дакладна: пакуль мы жывем у гэтай краіне, мы будзем працягваць выконваць сваю місію – прафэсійна вывучаць беларускае грамадзтва і адрасаваць вынікі гэтага вывучэньня самому грамадзтву”.