У інтэрвію японскай тэлекампаніі Аляксандар Лукашэнка ўзяў на сябе няўдзячную ролю прэсавага сакратара Ўладзімера Пуціна, дакладней кажучы, тлумачальніка ягоных патаемных думак. Для людзей, якія цікавяцца палітыкаю і памятаюць, што хто казаў тыдзень ці месяц таму, некаторыя пасажы з інтервію сп. Лукашэнкі выглядаюць асабліва дзіўнымі.
У траўні Пуцін ўласнаручна падпісвае ў Рыме дамову пра стварэньне новай Рады NATO і Расея і гаворыць, што гэта першы крок на шляху збліжэньня Расеі з NATO. Зараз ягоны беларускі прэсавы сакратар сп-р Лукашэнка тлумачыць: “Нічога новага ў адносінах Расея-NATO не адбылося, толькі другарадныя расейскія палітыкі імкнуцца падаць вынікі рымскага саміту як пачатак чагосьці новага”.
Адсюль вынікае, што Пуцін і ёсьць адным з такіх другарадных расейскіх палітыкаў.
Другі прыклад. Адразу пасьля 11 верасьня расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў заяўляе, што нага NATOўскага салдата ня ступіць у Сярэднюю Азыю. Прэзыдэнт Расеі абвяргае свайго міністра і тлумачыць, што Масква ня мае нічога супраць прысутнасьці NATOўскіх войскаў у гэтым рэгіёне ў межах антытэрарыстычнай апэрацыі. Ужо ў гэтым годзе Грузыя запрашае да сябе амэрыканскіх інструктараў. На саміце СНД у Казахстане Пуцін заяўляе, што ня бачыць у гэтым праблемы, і дадае, што Вашынгтон папярэдзіў яго пра гэтыя пляны.
У трактоўцы беларускага тлумачальніка гэта выглядае інакш: “Уладзімер Пуцін не даваў згоды на прысутнасьць ЗША ў Сярэдняй Азыі і ў Грузыі”, – гаворыць Аляксандар Лукашэнка. Відаць, сп. Пуцін ня здольны фармуляваць сваю палітыку на сваёй роднай расейскай мове безь беларускага перакладчыка.
Гэта было б сьмешна, калі б не было сумна. На самой справе Лукашэнка сапраўды агучвае, але не пазыцыю Пуціна, а пазыцыю тых кансэрватыўных колаў расейскай палітычнай эліты, якая надзвычай незадаволеная палітыкаю Пуціна на сапраўднае збліжэньне з Захадам.
Відаць, менавіта з гэтых расейскіх ваенных колаў беларускі кіраўнік атрымлівае, у прыватнасьці, і своеасаблівыя ацэнкі сытуацыі ў Афганістане, паводле якіх ЗША не атрымалі аніякай перамогі ў гэтай краіне, а часовая адміністрацыя Афганістану ня здольная кантраляваць нават Кабул. Некаторым расейскім генэралам, якія прайгралі вайну ў Афганістане і ня маюць вялікіх посьпехаў у Чачэніі, сапраўды цяжка прызнаць, што нехта ваюе лепш за іх. І гэтыя крыўды Аляксандар Лукашэнка з задавальненьнем агучвае.
У сваім інтэрвію беларускі кіраўнік паўтарыў звыклыя сафізмы левай сьвядомасьці, якія фактычна апраўдваюць тэрарызм. Паводле думкі Лукашэнкі, прычына міжнароднага тэрарызму – багацьце адных і галеча іншых. Забіў, бо бедна жыў – такі просьценькі палітрукоўскі марксызм. Цікава адзначыць, што ўскосна Лукашэнка абвяргае сам сябе ў сваім жа інтервію, калі гаворыць пра выміраньне Афрыкі. Афрыка сапраўды самы бедны кантынэнт, аднак пагроза тэрарызму зыходзіць ад іншых, значна больш заможных краінаў. Значыць, праблема ўсё ж не ў багацьці і галечы. Залішне, мачыма, дадаваць, што тэрарыст нумар адзін Усама Бін Ладэн – чалавек значна багацейшы, чым, скажам, прэзыдэнт ЗША.
З новых момантаў у інтэрвію Лукашэнкі варта адзначыць нэгатыўную ацэнку прысутнасьці NATOўскіх войскаў у Цэнтральнай Азіі і Грузіі. Раней ён казаў пра гэта ўскосна, калі папікаў цэнтральнаазыяцкіх лідэраў за тое, што яны не ўзгаднілі гэтую прысутнасьць зь ім – саюзьнікам па дамове пра калектыўную бясьпеку. Зараз нэгатыўная адзнака дадзеная наўпрост. Тут варта прыгадаць, як у мінулым месяцы пры пераўтварэньні дамовы пра калектыўную бясьпеку ў рэгіянальную арганізацыю менавіта Лукашэнка заявіў, што разглядае яе як супрацьвагу NATO. Тады прэзыдэнт Пуцін публічна паправіў яго, падкрэсьліўшы, што дамова не накіраваная супраць нейкай краіны ці групы краінаў. Але, як бачым, беларускі кіраўнік застаўся пры сваім меркаваньні.
Гэтыя раздражненыя пасажы – безумоўна, рэакцыя на збліжэньне Расеі з NATO, на зьмены ў сьвеце, у выніку якіх лукашэнкаўскай Беларусі проста не застаецца месца. Тут варта прыгадаць і чарнігаўскую заяву Лукашэнкі мінулага тыдня, калі ён намякнуў, што і Беларусь магла б зрабіць крокі насустрач NATO. Аднак гэта і не напалохала Маскву, і ня выклікала аніякай рэакцыі на Захадзе, краіны NATO лічаць цяперашнія адносіны з пуцінскай Расеяй куды больш каштоўнымі, чым удзел у дамарослых геапалітычных гульнях беларускага кіраўніка.
Таму беларускаму лідэру фактычна нічога і не засталося, як у хоры са сваімі расейскімі палітычнымі сябрамі зацягнуць антызаходніцкую “старую песню о главном”.