ШЭРАГ ГУЧНЫХ КРЫМIНАЛЬНЫХ СПРАВАЎ РАСПАЧАЛI ПРАВААХОЎЧЫЯ ОРГАНЫ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ

Алег Супрунюк, Берасьце

Прэсавая група ўпраўленьня КГБ па Берасьцейскай вобласьцi паведамiла пра распачатую крымiнальную справу на дырэктара прадпрыемства “Брэстплодгароднiнапрам” Васiля Сьлесарчука. Яго абвiнавачваюць у злоўжываньнi ўладай альбо службовымi паўнамоцтвамi.

Сьледчыя КГБ падазраюць, што Сьлесарчук па занiжаных коштах прадаў службовы аўтамабiль “Фольксваген-пасат”. У свой час гэты аўтамабiль каштаваў прадпрыемству больш за 21 тысячу амэрыканскiх даляраў. Але праз паўтара года (летась у сьнежнi) дырэктар загадаў прадаць iншамарку прыватнай асобе ўжо за 8 тысяч 853 даляры.

Крынiцы ў праваахоўчых органах сьцьвярджаюць, што ў Берасьцейскiм аблвыканкаме вельмi не жадалi, каб зьвесткi пра затрыманьне Васiля Сьлесарчука трапiлi ў сродкi масавай iнфармацыi. Калi ж журналiсты даведалiся пра гэты факт самастойна, ва ўпраўленьнi КГБ вымушаныя былi яго пацьвердзiць. Некалькi дзён Сьлесарчук правёў у сьледчым iзалятары мясцовага КГБ, а зараз адпушчаны пад падпiску пра нявыезд.

Iншая гучная справа тычыцца цяпер ужо былога старшынi калгасу “Беларусь” Берасьцейскага раёну Сьпiрыдона Падшыбякiна. Крымiнальная справа супраць яго ўзбуджаная Камiтэтам барацьбы з арганiзаванай злачыннасьцю. Падшыбякiна абвiнавачваюць у раскраданьнi калгасных сродкаў больш чым на 4 мiльёны рублёў. Яшчэ ў сакавiку калгасьнiкi зьвярнулiся з заявай у мiлiцыю i паведамiлi пра злоўжываньнi свайго старшынi.

У калгасе некалькi месяцаў запар не выплачваўся заробак, але Сьпiрыдон Падшыбякiн набыў за калгасныя грошы аўтамабiль i пабудаваў хату. Калi распачалося сьледзтва па гэтых фактах, старшыня калагасу “Беларусь” раптоўна напiсаў заяву на звальненьне па асабiстым жаданьнi.

Падчас сьледзтва таксама высьветлiлася, што Падшыбякiн ёcьць грамадзянiнам Расеi. Але невядома якiм чынам ён быў абраны дэпутатам мясцовага савету. Зараз праваахоўчыя органы чакаюць рашэньня аб пазбаўленьнi дэпутацкай недатыкальнасьцi Сьпiрыдона Падшыбякiна i ягоным далейшым арышце.