ЛЕВЫЯ РЫХТУЮЦЦА ДА ВЫБАРАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Пагадненьне аб каардынацыі дзеяньняў падчас мясцовых выбараў падпісалі лідэры Беларускай партыі працы — Аляксандар Бухвостаў, Партыі камуністаў — Сяргей Калякін і “Народнай Грамады” — Мікалай Статкевіч. Яны дамовіліся стварыць выбарчы каардынацыйны цэнтар і пагадзіцца пра падзел акругаў.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч патлумачыў Радыё Свабода, чаму ягоная партыя падпісала пагадненьне толькі з камуністамі й Партыяй працы.

(Статкевіч: ) “Перамовы аб стварэньні адзінай кааліцыі вяліся неаднаразова, былі нашыя прапановы, але рэакцыі ніякай не было. Я папросту вымушаны быў зьвярнуцца да рэгіянаьных структураў правых партыяў — і мы паразумеліся. Па сутнасьці праблемаў падзелаў акругаў з правымі, гэта значыць, што АГП і БНФ ня будзе. Ну, безумоўна, гэта выклікала прыступ лёгкай гістэрыкі ў кіраўнікоў, бо мусім прымушаць, ставіць у калідор — крок направа, крок налева...

Вопыт парлямэнцкіх выбараў 2000 году нам паказвае, як яны ўвесну згаджаліся ісьці на выбары, а летам — байкот. Цяпер ужо ня выпусьцім, павядзем, як кажуць, на вяроўцы. Мы бачым, што не сьпяшаюцца нашыя калегі й мяркуюць стварыць нейкі такі палавінны блёк.

Спадар Вячорка ў інтэрвію, якое надрукавалі ўчора ў газэце “Белорусский рынок”, заявіў, што блёк будзе на базе Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Тады мы вырашылі наступнае: будзе яшчэ адзін блёк на базе Канфэдэрацыі “За сацыяльныя перамены”. Ну, калі кіраўнікі правых партыяў заўпарцяцца і зноў захочуць нейкі праект падаць, круглыя сталы, ці кангрэс дэмсілаў, то ў нас няма часу, бо выбары павінны ісьці зараз”.

Гэтак камэнтуе лідэр “Народнай Грамады” Мікалай Статкевіч падпісанае сёньня кіраўнікамі трох левых партыяў пагадненьне аб каардынацыі дзеяньняў падчас мясцовых выбараў.