ПРАДПРЫЕМСТВА "РЭСТАРАНЫ МАКДОНАЛДЗ" ЗРАБІЛА ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ ДЛЯ ПРЭСЫ

Віталь Цыганкоў, Менск

Учора мы паведамлялі пра намер кіраўніцтва менскага гарвыканкаму надалей не даваць кампаніі “Макдональдз” надзелы зямлі для будаўніцтва рэстарацыяў. Сталічныя ўлады спасылаюцца пры гэтым на нібыта нізкую якасьць харчоў “Макдональдзу” ды рызыку для здароўя маладога пакаленьня.

Сёньня ў адмысловым паведамленьні для прэсы замежнае прадпрыемства "Рэстараны Макдоналдз" адзначае, што беларускія адмыслоўцы, якія кантралююць якасьць прадукцыі і інспэктуюць перапрацоўчыя вытворчасьці “Макдоналдзу”, пацьвердзілі, што "якасьць гатовай прадукцыі адпавядае беларускім стандартам". Гэтае паведамленьне было распаўсюджанае ў адказ на ўчорашняе рашэньне Менскіх гарадзкіх уладаў не даваць кампаніі “Макдональдз” надзелы зямлі для будаўніцтва новых рэстарацыяў.

У сваёй заяве беларускі “Макдоналдз” паведамляе, што на прадпрыемстве штодзённа ажыцьцяўляюцца ўнутраныя праверкі якасьці. "Рэгулярны кантроль з боку гарадзкіх санітарных службаў таксама пацьвярджае адпаведнасьць нашай прадукцыі дзеючым у Беларусі стандартам якасьці" – сказана ў паведамленьні “Макдоналдзу”. І затым, ускосна адказваючы на заяву менскіх гарадзкіх чыноўнікаў, “Макдоналдз” піша, што зараз разглядае прапановы з многіх гарадоў Беларусі аб адкрыцьці там рэстаранаў хуткага абслугоўваньня.

Менгарвыканкам лічыць альтэрнатывай “Макдоналдзу” сетку прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня з нацыянальнай кухняй, але, на жаль, пакуль добрых і якасных сталовак ці кавярняў хуткага харчаваньня ў Менску зусім няма. Адзін з найбольш рэклямаваных пунктаў сыстэмы хуткага харчаваньня на праспэкце Машэрава ў Менску паціху ператварыўся ў поўную процілегласьць сваёй задуме – у той час як інтэр'ер застаўся такім, як у сталоўцы, вас абслугоўваюць афіцыянты, якія падаюць нясьвежыя дранікі, а цана аднаго абеду дасягае 10 тысячаў.

На жаль, у Менску няма такога выбару, як, напрыклад, у Празе, дзе ў абед чэхі накіроўваюцца ў свае сталоўкі і недарагія "гасподы" – шынкі, альбо ў танныя кітайскія, італьянскія ды іншыя рэстараны, дзе ежу вам пададуць на працягу пяці-дзесяці хвілінаў. Дарэчы, пры ўсёй гэтай разнастайнасьці і канкурэнцыі нават у Празе “Макдоналдз” мае сваё адпаведнае месца.

Макдоналдз – бадай, адзінае месца грамадзкага харчаваньня ў Менску, куды можна прыйсьці зь дзецьмі. Напэўна, многія беларускія сем'і ўжо сустракаюцца з так званай "праблемай “Макдоналдзу", калі дзеці просяць прывесьці іх у гэтую амэрыканскую сталоўку, у якой можна атрымаць цацку, сьцяжок і пакатацца з горкі. Менавіта ў “Макдоналдзе” ёсьць адмысловыя крэслы для дзяцей, чаго няма ў большасьці беларускіх рэстаранаў. Менавіта ў “Макдоналдзе” вас абслужаць хутка і з усьмешкай. Дзеці любяць “Макдональз”, як любяць марозіва і цукеркі, што выклікае зразумелую трывогу бацькоў.
Зразумела, “Макдоналдз” – гэта не вяршыня кухарскага майстэрства. Аднак гэтая ежа ў любым выпадку ня больш шкодная, чым звычайная беларуская смажаная катлета з бульбай. Праблема ў тым, што зьесьці такую катлету хутка, смачна і нядорага ў Менску пакуль няма дзе.