НЕПАЎНАГАДОВАМУ ЎДЗЕЛЬНІКУ АКЦЫІ “ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА!” АДМІНІСТРАЦЫЯ ГІМНАЗІІ ПАГРАЖАЕ АДЛІЧЭНЬНЕМ

Любоў Лунёва, Менск

На пэдагагічнай радзе ў прысутнасьці маці Антон пацьвердзіў, што сапраўды браў удзел у акцыі й быў затрыманы амонаўцамі. Нягледзячы на тое, што настаўнікі ня мелі прэтэнзіяў да Антона адносна вучобы й паводзінаў на ўроках і перапынках, за нездавальняючую адзнаку за паводзіны прагаласавалі адзінагалосна. Дырэктарка гімназіі Вольга Чарнавусава лічыць, што трэба пазбаўляцца ад такіх вучняў:

(Чарнавусава: ) “Размова ідзе пра пакараньне. Антон парушыў статут гімназіі, а там напісана, што ўдзел гімназістаў у палітычных акцыях забаронены. Нам яшчэ ніякіх папераў не прыслалі наконт Антона, але мы апэратыўна рэагуем на ягонае правапарушэньне. Я спыталася ў яго: “Вам казалі на ўроках дзяржавы й права, на лінейках, што нельга ўдзельнічаць у дэманстрацыях?” Ён патлумачыў, што ведаў пра гэта і нават аргумэнтаваў, чаму браў удзел у акцыі... Так што, пакуль толькі адзнака за паводзіны, а потым, калі прыйдуць паперы, будзе іншае пакараньне. Якое? Пакуль не магу вам гэтага казаць, бо няма папераў”.

Маці Антона Вольга Карасёва вельмі засмучаная. У гімназіі яна не знайшла падтрымкі і пэдагагічнае парады.

(Карасёва: ) “Я папросту ў адчаі ад таго, што адбылося з маім сынам. Мала таго, што яго затрымалі на мітынгу. Далі дубінкай і па галаве, і па назе. І за валасы яго там цягалі. Мы больш за тры гадзіны ня ведалі, дзе ён, перажылі кашмар. Цяпер у гімназіі паставілі нездавальняючую адзнаку за паводзіны за год і паведамілі, што ён павінен забраць дакумэнты, бо ня можа там больш вучыцца. Вельмі крыўдна, што юнак сутыкнуўся з такой нясправядлівасьцю на пачатку свайго жыцьця...

Як складзецца ягоны лёс, калі ён сутыкнуўся з такім двурушніцтвам дарослых? Падчас пэдсавету я папрасіла дапамагчы. Казала, што нельга так выганяць, што яму застаўся адзін толькі год. Адна настаўніца мне адказала, што ў нас цяпер няма абавязковай сярэдняй адукацыі, дастаткова скончыць 9 клясаў. Відаць, іх клапоціць толькі тое, як яны будуць выглядаць у вачах вышэйшых інстанцыяў. Каб тыя бачылі, што ідэалягічная праца ў іх пастаўленая добра, паказчыкі высокія, а які будзе лёс хлопчыка, лёс чалавека — іх не турбуе”.

Сёньня маці Антона атрымала позву ў выканкам на камісію ў справах непаўнагадовых.