ЖОДЗІНСКІ ВЭТЭРАН ВАЙНЫ ПАМЁР АД ГОЛАДУ

Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Вось што распавёў пра сьмерць 83-гадовага вэтэрана вайны Сяргея Гатоўчыкава Аляксандар Ваўчанін, работнік тутэйшай станцыі “хуткай дапамогі”, дэпутат Жодзінскага гарсавету:

(Ваўчанін: ) “Быў да мяне запыт. Прыйшла жанчына 70 гадоў, ледзь не на калені павалілася і просіць: “Аляксандар Васілевіч, паедзем, паглядзіце майго ўдзельніка Вялікай айчыннай вайны — шэсьць дзён не даюць пэнсію, а ён павінен увечары памерці”.

Як высьветліў на месцы спадар Ваўчанін, насамрэч вэтэран вайны быў у агоніі. У яго дома было ні рубля грошай, у лядоўні — пуста. Усю вясну вэтэран недаядаў, бо 150 тысяч беларускіх рублёў, што разам атрымлівалі старыя, яны павінны былі дзяліць між дзяржавай, якой трэба было плаціць за камунальныя паслугі, і дарослым сынам-інвалідам. Сын даўно знаходзіцца ў шпіталі, але лекі і ежу яму павінны купляць старыя бацькі.

Аляксандар Ваўчанін дзякуючы свайму дэпутацкаму мандату дамогся, каб жонцы памерлага Еўдакіі Гатоўчыкавай у аддзяленьні сувязі ў парадку выключэньня выдалі пэнсію. Даў грошы на пахаваньне і мясцовы савет вэтэранаў другой усясьветнай вайны.

Гаворыць работнік жодзінскай станцыі “хуткай дапамогі” Аляксандар Ваўчанін:

(Ваўчанін: ) “Учора выклікалі “хуткую дапамогу” на пошту — гэта было зьвязана з тым, што прыйшоў чалавек сталага веку, ён чакае пэнсію ўжо пяць дзён. Ён страціў прытомнасьць — я думаю, што і ад голаду, і ад нэрваў, і кроў пайшла ў яго, беднага. Яго там пэнсіянэркі аблівалі вадой. Прыехала “хуткая дапамога”, забралі яго ў шпіталь”.

Чакае пэнсіі і суседка Гатоўчыкавай — таксама пэнсіянэрка, таксама ўдава Ядвіга Валевіч. Яна цэлы тыдзень галадае з прычыны затрымкі пэнсіі, якая складае 61 тысячу рублёў:

(Валевіч: ) “Бульба канчаецца, трэба купляць — а на што я куплю? У мяне няма грошай. Няма пэнсіі — то нават хлеба няма за што купіць”.