УТА ЦАПФ РАСЧАРАВАНАЯ ТЫМ, ШТО ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ НЕ АБМЯРКОЎВАЕ АКТУАЛЬНЫЯ ЗАКОНАПРАЕКТЫ

Уладзімер Глод, Менск

Калі ў лютым дэлегацыя на чале з Утай Цапф была апошні раз у Беларусі, Вадзім Папоў, кіраўнік палаты прадстаўнікоў, паабяцаў, што палата абавязкова разгледзіць шэраг актуальных законапраектаў. Паводле спадара Папова, палата пасьлядоўна разгледзіць пажаданьні міжнародных парлямэнцкіх структураў.

У прыватнасьці, дэлегацыі адмысловай рабочай групы тады паабяцалі апэратыўна абмеркаваць законапраекты аб Нацыянальным сходзе, упаўнаважаным у справах правоў чалавека, сродках масавай інфармацыі. Аднак, як сёньня высьветлілася, абяцанкі так і засталіся абяцанкамі. Ніводзін з названых дакумэнтаў не пастаўлены пакуль на парадак дня сэсіі.

І гэта зьдзівіла Уту Цапф. Падчас сёньняшняй размовы са спадаром Паповым яна, зьвяртаючыся да сьпікера, сказала наступнае:

(Цапф: ) “Як я зразумела з вашага выступу, на вашым парадку дня прыкладна 44 пытаньні, аднак тых пытаньняў, што цікавяць нашую дэлегацыю, тут няма. Закон аб нацыянальным сходзе і закон аб упаўнаважаным у справах правоў чалавека не пастаўленыя на парадак дня”.

На гэтую заўвагу Вадзім Папоў адказаў, што адсутнасьць на парадку дня сэсіі названых дакумэнтаў зьвязаная са зьменай парадку працы над законапраектамі. Цяпер, паводле ягоных словаў, на разгляд выносяцца толькі праекты законаў, “падрыхтаваныя на сто адсоткаў”.

Спадар Папоў спрабаваў зьмяніць акцэнты. У прыватнасьці, ён казаў пра тое, што ў палаце прадстаўнікоў завяршаецца падрыхтоўка парлямэнцкіх слуханьняў наконт адмены сьмяротнага пакараньня, якія прызначаныя на 30 траўня.

Пры гэтым сьпікер нагадаў, што пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня выносілася ў 1996 годзе на рэфэрэндум і не знайшло падтрымкі ў насельніцтва Беларусі. А пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасня летась у ЗША і 9 траўня сёлета ў Касьпійску існуюць вялікія сумневы адносна таго, што народ зьменіць сваё меркаваньне, мяркуе спадар Папоў.

І Вадзім Папоў, і старшыня савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч адмовіліся абмяркоўваць з дэлегацыяй Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ прызначэньне на пасаду кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі нямецкага дыплямата Эбэргарда Гайкена. Яны патлумачылі свае паводзіны тым, што гэтае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі выканаўчай, а не заканадаўчай улады.

Аднак і прадстаўнікі выканаўчых уладаў сёньня пазьбягалі гэтай тэмы. Напрыклад, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў падчас сустрэчы з дэлегацыяй акцэнтаваў увагу на магчымасьці хутчэйшага прызнаньня паўнамоцтваў у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Нацыянальнага сходу.

Што ж тычыцца працы ў Беларусі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, дык, паводле міністра, “Пытаньне прысутнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі, форм і мэтадаў працы цяперашняй групы АБСЭ абазначаныя беларускім бокам на паседжаньні Сталай рады АБСЭ. МЗС Беларусі лічыць, што асноўнае пытаньне, якое стаіць перад Сталай радай, — перагляд мандату групы”.

На просьбу пракамэнтаваць сёньняшнія перамовы зь беларускімі ўладамі спадарыня Цапф сказала, што ёй спачатку трэба ўсё асэнсаваць. А адказы на пытаньні яна гатовая даць у чацьвер падчас прэсавай канфэрэнцыі.