Міхаіл Жданоўскі ўзгадвае:
(Жданоўскі: ) “Тэма ўзьнікла спантанна, калі пачалася эксгумацыя. Кіраваў усімі раскопкамі Зянон Станіслававіч. У нас ёсьць такі від працы — летапісны матэрыял. Мы проста езьдзілі ды здымалі, яшчэ без намеру зрабіць фільм. Потым здымалі мэдэкспэртызу. Як ні дзіўна, людзі ішлі нам насустрач. Калі я спрабаваў адшукаць людзей, так бы мовіць, з супрацьлеглага лягеру, то мне адзін са сьледчых сказаў так: “Вось табе ключ ад майго кабінэту ў Генэральнай Пракуратуры, вось табе гадзіна, вось дакумэнты — сядай і працуй”.
Тады ж Міхаіл Жданоўскі даведаўся й пра лёс свайго дзеда, расстралянага ў 1937 годзе. Адседзеў у сталінскіх лягерах і бацька рэжысэра. Міхаіл Жданоўскі згадвае, як у часе раскопак у Курапатах, калі знаходзілі чарговы прастрэлены чэрап, ён думаў пра свайго дзеда. Але вернемся да гісторыі стварэньня фільма “Дарога на Курапаты”.
(Жданоўскі: ) “Алесь Адамовіч і Яўген Еўтушэнка папрасілі паказаць частку матэрыялаў на адным зь іхных паседжаньняў. Тут на студыі пачаўся пярэпалах — маўляў, нікуды за межы Беларусі мы гэты матэрыял ня можам выпусьціць. І тут загаварылі: “Як, ужо здымаюць?” Тады гэты матэрыял забралі на фільматэку. Але дырэктар студыі Гарбачоў выклікаў нас і кажа: “Я разумею, што вы ўсё роўна будзеце рабіць, прыдумайце нейкае выйсьце”. Мастацкі кіраўнік нашай студыі Ўладзімер Халіп кажа: “Давайце назавем матэрыял неяк нэўтральна — “Вечная памяць”.
З гэткай назвай і працягваліся здымкі. Разам зь Зянонам Пазьняком аўтары фільма апытвалі жыхароў вёсак, што недалёка ад Курапатаў. Міхаіл Жданоўскі не хацеў, каб фільм пра Курапаты атрымаўся выключна публіцыстычным.
(Жданоўскі: ) “Фільм рабіўся як мастацкі твор. У мяне там няма ніводнай канкрэтнай асобы, мы нават Пазьняка там не называем, проста Зянон. Там ёсьць Кат, ёсьць Народ зь вялікай літары, ёсьць Судзьдзя, Сьледчы, Злачынца зь вялікай літары. І фільм наш заканчваецца фразай жанчыны, якая гаворыць пасьля ўсяго апатэозу, нібыта пачаліся новыя часы. Яна кажа: “Хто яго ведае. Неяк зь Зянонам размаўляла, а мінуць гады — як яно будзе? Як мой бацька казаў: “Закон, што дышла — куды павярнуў, туды й выйшла”. Уласна кажучы, народ не памыляецца”.
На пачатку 1990-х фільм “Дарога на Курапаты” дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе. Але Міхаіл Жданоўскі ня памятае, каб яго калі-небудзь паказалі па Беларускім тэлебачаньні. Калі ў Менску праходзіў фэстываль праваабарончага кіно, кінастудыя не дала для яго копію “Дарогі на Курапаты”. Некалькі гадоў таму канал “Культура” хацеў купіць у беларусаў гэты фільм.
(Жданоўскі: ) “Наш былы міністар Сасноўскі ніколі ня бачыў гэтага фільма. Паглядзеў і сказаў нашаму тагачаснаму дырэктару Сяргею Лук’янчыкаву: “Пакладзі ў сэйф”. Гэта ж бессэнсоўна. Копія ёсьць у горадзе, у Маскве, у архіве ў Дзяржынску. Фільм існуе. Курапаты існуюць. Можа, самога Пазьняка забудуць, але праз Курапаты яго будуць помніць”.
Цяпер рэжысэр Міхаіл Жданоўскі здымае фільм пра апэратара Сяргея Пятроўскага, які памёр паўтара года таму. Разам зь ім яны зьнялі шмат фільмаў, у тым ліку й “Дарогу на Курапаты”.