Адміністрацыя Буша спадзяецца, што рашэньне Рады Бясьпекі ААН пакладзе канец абвінавачаньням у тым, што санкцыі супраць рэжыму Садама Хусэйна прыносяць пакуты звыча йным іракцам. Паводле прэсавага сакратара Белага Дома Ары Флейшнэра, цяпер Багдад павінен даказаць, што сапраўды жадае палепшыць жыцьцё грамадзянаў сваёй краіны. Разам з тым, перагляд санкцыяў разглядаецца як крок да вяртаньня ў Ірак ваенных інспэктараў ААН, якія былі выгнаныя з краіны Садамам Хусэйнам тры гады таму.
Ірацкі прадстаўнік у ААН Махамэд Даўры заявіў, што Багдад пільна вывучыць палажэньні рэзалюцыі ААН, перш чым даваць афіцыйную рэакцыю на гэтае рашэньне. Даўры, аднак, нагадаў, што Ірак па-ранейшаму патрабуе зьняцьця ўсялякіх санкцыяў супраць краіны.
Галасаваньне азначае частковую перамогу памяркоўнага палітыка Дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла, які на працягу 16 месяцаў пераконваў, што перагляд санкцыяў толькі абмяжуе магчымасьці Хусэйна аднавіць свае праграмы стварэньня біялягічнай, хімічнай і ядзернай зброі і разам з тым аблегчыць жыцьцё звычайным іракцам. Яны вось ужо 11 гадоў гадоў жывуць ва ўмовах ААНаўскіх санкцыяў, якія былі ўведзеныя пасьля нападу Іраку на Кувэйт.
Як піша ў рэдакцыйным артыкуле брытанская газэта “Independent”, новыя санкцыі могуць разглядацца як посьпех толькі тады, калі яны не дазволяць Багдаду абходзіць абмежаваньні на экспарт нафты і калі яны на самой справе ўзмацняць забарону на імпарт, які можа быць выкарыстаны ў ваенных мэтах.
Газэта лічыць, што Іраку даецца шанец упершыню за многія гады пераацэніць сваё стаўленьне да астатняга сьвету. Цяпер усясьветная супольнасьць чакае, што Багдад у адказ павінен перагледзець сваю непрымірымасьць ў дачыненьні да вяртаньня ў краіну інспэктараў ААН.